У рэдакцыю «Нашай Нівы» завітаў рэдкі ў сталіцы госьць — салігорскі шахцёр. Кіраўнік прэс-службы Незалежнага прафсаюзу гарнякоў Дзяніс Таўпека прыехаў у сталіцу, каб падарыць найстарэйшай беларускай газэце да стагадовага юбілею сувэнірную талерку з выявай прафсаюзнай сымболікі. Супрацоўнікам газэты было радасна, што яна, нягледзячы на забарону распаўсюду празь "Белсаюздрук", даходзіць нават у шахты.

У Незалежнага прафсаюзу гарнякоў сёлета свой юбілей — 15-годзьдзе.

З нагоды сьвята ў Салігорскім палацы культуры адбылася канфэрэнцыя. Павіншаваць гарнякоў прыехалі калегі па прафсаюзным руху, кіраўнікі незалежных дэмакратычных прафсаюзаў – Аляксандар Ярашук, Сяргей Антусевіч, Генадзь Быкаў, Юры Швец, а таксама заснавальнікі і першыя актывісты НПГ. Удзельнікаў канфэрэнцыі віталі былы генэральны дырэктар «Беларуськалію» Пятро Калугін і намесьнік па ідэалягічнай працы і кадрах Анатоль Махлай.

Да юбілею актывісты-гарнякі надрукавалі адмысловыя каляндарыкі па-беларуску з актуальным лёзунгам «Толькі разам мы мацнейшыя».

Беларускі незалежны прафсаюз гарнякоў – найбуйнейшая па колькасьці першасная арганізацыя Беларускага незалежнага прафсаюзу. Быў заснаваны 27 сьнежня 1991 г. На сёньня ў склад НПГ уваходзяць больш за 20 арганізацыяў, што аб’ядноўваюць працаўнікоў падразьдзяленьняў, цэхаў і аддзелаў РУП «ВА «Беларуськалій». Агульная колькасьць чальцоў арганізацыі ў 2006 г. перавысіла 4200 чалавек. Старшыня арганізацыі – Мікалай Новік.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?