Справа на падставе арт. 328 КК (незаконны абарот наркатычных сродкаў) распачата ў дачыненні да 45-гадовай жыхаркі Светлагорска.
Як паведамілі ў прэс-групе УКДБ па Гомельскай вобласці, жанчыне выстаўлена абвінавачанне ў незаконным набыцці, захоўванні з мэтай збыту і збыце ў буйным памеры небяспечнага наркатычнага сродку. У поле зроку супрацоўнікаў УКДБ яна трапіла падчас мерапрыемстваў, скіраваных на выяўленне буйных каналаў паставак у рэгіён наркотыкаў. Меліся звесткі пра тое, што жанчына з’яўляецца адным з найбуйнейшых наркадылераў, што займаюцца распаўсюджаннем у Светлагорску гераіну. Злачынны бізнес дазваляў афіцыйна беспрацоўнай весці нябеднае існаванне.
Каб не трапіць за краты, грамадзянка часта прыцягвала для збыту гераіну непаўналетняга сына, але і сама гандлявала наркотыкамі. Пасля збыту чарговай партыі гераіну яе затрымалі супрацоўнікі УКДБ.
Праводзяцца следчыя дзеянні. На частку маёмасці абвінавачанай накладзены арышт. Жанчына неаднаразова судзімая за злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркатычных сродкаў, апошні раз — у 2003 годзе.
Алена Германовіч, БелаПАН
Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?
Пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ