Дзякуючы высілкам прафсаюзаў разгляд законапраекту «Аб прафэсійным пэнсійным страхаваньні» ў Палаце прадстаўнікоў перанесены на вясновую сэсію. Паводле яго працуючыя пэнсіянэры могуць паўстаць перад няпростым выбарам: або праца, або пэнсія.

Новы законапраект прадугледжвае скасаваньне шэрагу нормаў, што датычаць прадпрыемстваў з асаблівымі ўмовамі працы. У прыватнасьці працаўнікі такіх прадпрыемстваў могуць пазбавіцца права на атрыманьне датэрміновай прафэсійнай пэнсіі у выпадку, калі будуць працягваць працу.

Новы законапраект прадугледжвае таксама выключэньне пэнсійнага забесьпячэньня зь дзяржаўнай сыстэмы і перакладаньне яго цалкам на працадаўцу, то бок страхавыя выдаткі будуць уваходзіць у сабекошт прадукцыі. На думку апанэнтаў такой ідэі, такі крок можа абярнуцца падзеньнем канкурэнтаздольнасьці прадукцыі. Выклікае пытаньні і варыянт, калі пэнсійныя выплаты будуць рабіцца за кошт прыбытку прадпрыемства: у такім разе іншыя працаўнікі могуць пазбавіцца прадугледжаных калектыўнай дамовай ільготаў. Дый памер прыбытку ня ўсім прадпрыемствам і не заўсёды дазваляе рабіць гэтыя выплаты.

Салігорскае вытворчае аб’яднаньне «Беларуськалій» безумоўна адносіцца да такіх прадпрыемстваў. Таму мясцовы Незалежны прафсаюз гарнякоў (НПГ) не застаўся ў баку ад падзеі. Прафсаюз накіраваў адпаведныя афіцыйныя звароты ў Сакратарыят Палаты прадстаўнікоў і да дэпутата палаты ад Салігорску Пятра Калугіна, былога гендырэктара «Беларуськалію». Вынікам звароту да апошняга сталася сустрэча дэпутата зь кіраўніцтвам НПГ. Прадстаўнікі прафсаюзу выказалі непакой наконт зьменаў заканадаўства датычна пэнсійнага забесьпячэньня і пагрозы кулюарнага вырашэньня пытаньня, без абмеркаваньня ў СМІ і сярод працоўных. У выніку сп. Калугін ініцыяваў перанос разгляду спрэчнага законапраекту на вясновую сэсію. Адбыцца ён мусіў 14 сьнежня.

Афіцыйны прафсаюз таксама не застаўся ў баку. Прадстаўнікі Беларускага прафсаюзу хімікаў, што ўваходзіць у афіцыйную Фэдэрацыю прафсаюзаў беларускую, нават зладзілі збор подпісаў. Але як цьвердзіць прадстаўнік НПГ Дзяніс Талпека, рабілася гэта дзіўным чынам. Валантэры «хімікаў» толкам не маглі патлумачыць прычыну збору тых подпісаў, а часам рабочыя нібыта атрымлівалі чыстыя падпісныя лісты, якія пасьля можна было скарыстаць як заўгодна. Старшыня Незалежнага прафсаюзу працаўнікоў ААТ «Горадня-Азот» Сяргей Антусевіч лічыць, што афіцыйны прафсаюз у дадзеным выпадку зусім не выкарыстоўвае свайго становішча: маючы ў парлямэнце каля паўсотні сваіх прадстаўнікоў, можна на заканадаўчым узроўні бараніць правы працоўных.

Прадстаўнікі незалежных прафсаюзаў радыя кароткай перадышцы, але лічаць, што для поўнай перпамогі вельмі важна давесьці сутнасьць праблемы і шляхі яе вырашэньня да найбольшай колькасьці зацікаўленых. Вопыт Незалежнага прафсаюзу гарнякоў паказвае, што пытаньне гэтае вырашальнае, нават улічваючы паўзадушаны стан незалежных арганізацыяў і СМІ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?