На змену цёпламу антыцыклону ў Беларусь накіраваліся халаднаватыя паветраныя масы паўночнаатлантычнага паходжання. Зачасцілі дажджы, а сярэдні тэмпературны фон панізіўся да 9–14 градусаў цяпла,

што на 1–3 градусы ніжэй за кліматычную норму, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА галоўны сіноптык Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Вольга Фядотава.

У першай палове гэтага тыдня надвор’е будзе няўстойлівым. Атмасферны фронт, які прынёс дажджы, паступова будзе адступаць на ўсход. Гэтай ноччу ападкі прагназуюцца ва ўсходніх рэгіёнах Беларусі. Заўтра днём з ростам атмасфернага ціску ў многіх раёнах будзе без ападкаў. Толькі месцамі ў Віцебскай, Гродзенскай і па паўночным захадзе Мінскай абласцей чакаюцца невялікія дажджы. Вецер паўднёва-заходні, умераны.

Тэмпература паветра гэтай ноччу панізіцца да 3–10 градусаў цяпла. Заўтра днём тэрмометры пакажуць плюс 14–19 градусаў. У Брэсцкай і Гомельскай абласцях паветра прагрэецца да 22 градусаў.

У сераду, 18 мая, чарговая порцыя вільготнага паветра з Атлантыкі дасягне межаў нашай краіны. Ноччу месцамі, а днём на большай частцы тэрыторыі пройдуць кароткачасовыя дажджы. У дзённыя гадзіны ў асобных раёнах чакаюцца навальніцы. Тэмпература паветра ноччу складзе 7–12 градусаў цяпла. У дзённыя гадзіны яна будзе вагацца ад 16 градусаў цяпла па паўночным захадзе да 23 градусаў вышэй за нуль па паўднёвым усходзе Беларусі.

У другой палове тыдня на тэрыторыю краіны накіруюцца больш цёплыя паветраныя масы з паўднёвага захаду Еўропы. У чацвер пры павышаным фоне атмасфернага ціску будзе пераважна без ападкаў. Днём паветра прагрэецца да 19–25 градусаў. У Гомельскай і Брэсцкай абласцях чакаецца да плюс 27 градусаў.

Цёплым абяцае быць надвор’е і ў апошнія дні тыдня. У пятніцу месцамі, у асноўным па паўночным захадзе, чакаюцца кароткачасовыя дажджы і навальніцы.

Дзённая тэмпература будзе ад 18 да 25 градусаў цяпла, на поўдні — да плюс 28 градусаў.
У начныя гадзіны ў суботу чакаецца плюс 7–14 градусаў. Асабліва цёплым абяцае быць суботні дзень, калі паветра можа прагрэцца да 22–28 градусаў. Аднак у асобных раёнах захаваецца верагоднасць непрацяглага дажджу.

У нядзелю таксама прагназуюцца кароткачасовыя дажджы, магчымы навальніцы. Пры гэтым тэмпература паветра ў ноч на нядзелю складзе 9–15 градусаў, а днём яна будзе ад 18 градусаў цяпла на паўночным захадзе да плюс 28 градусаў на паўднёвым усходзе краіны. Такі тэмпературны фон на 1–4 градусы вышэйшы за звычайны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?