«Адной з прыемных падзей майго турэмнага жыцця з’яўляецца прагулка. Сем крокаў убок і ты ўпіраешся ў сцяну, паварот і сем крокаў у іншую. Здавалася б, што тут можа быць прыемнага? Але пасля камеры тут раздолле. Бокс, у якім нас «выгульваюць», — гэта тая ж камера, толькі замест даху краты. Гэта значыць, бачна толькі неба, і ёсць свежае паветра. У турме пачынаеш цаніць такія простыя і, здавалася б, агульнадаступныя рэчы.

За адзін шпацыр я ў сярэднім праходжу 3 ці 3,5 км, што, за адсіджаны ўжо месяц, дае прыкладна 90 км. Па-моему, някепскі вынік. Каб было весялей, іду напяваючы «Na znojną walką», «Pierwsza brygada», «Piehota», «Piosenka ludzi bez domu» і т.п.

Турэмныя сцены, верагодна, не сутыкаліся з такім рэпертуарам ужо гадкоў з 60-х. З песняй час ідзе хутчэй ды і ісці заўжды весялей. У суседніх боксах таксама, бывае, напяваюць. Але там рэпертур іншы...»

poczobut.livejournal.com

***

Журналіст Андрэй Пачобут абвінавачаны ў абразе і паклёпе на прэзідэнта РБ. Журналіст і адвакат пачалі знаёміцца з матэрыяламі справы. За абразу прэзідэнта закон прадугледжвае пазбаўленне волі да двух гадоў, за паклёп на Лукашэнку — да 4 год пазбаўлення волі.

Злачынства абласная пракуратура знайшла ў публікацыях журналіста ў LiveJournal і польскай «Газеце Выборчай».

Ад 6 красавіка Андрэй знаходзіцца пад вартай у гродзенскім СІЗА №1.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0