У аўторак арабскія СМІ распаўсюдзілі ліст ад імя звергнутага тры месяцы таму прэзідэнта Егіпта Хосні Мубарака. У ім Мубарак прыносіць прабачэнні ўсім егіпцянам і просіць амніставаць яго.

Мубарак просіць прабачэння ад імя сябе і сваёй сям’і «за любое злачынства, зробленае людзям», — паведамілі крыніцы ў новым часовым урадзе Егіпта, які ўтварыла армія.

У якасці апраўдання Мубарак кажа, што ўсе зробленыя ім памылкі паходзілі ад яго дарадцаў, якія паведамлялі яму ілжывую інфармацыю.

Таксама ў тэксце Мубарак заяўляе, што гатовы перадаць Егіпту усе свае грошы і ўласнасць.

У панядзелак жонка Хосні Мубарака Сюзана падпісала паперы аб адмове на карысць дзяржавы ад сваёй маёмасці — вілы ў прыгарадзе Каіра і сумы ў $3,4 млн на банкаўскіх рахунках.

На рахунках Мубаракаў у іншых краінах былі арыштаваны сотні мільёнаў даляраў — 340 мільёнаў у адной Швейцарыі.

Дарэчы, і «народны лідар» Лівіі Муамар Кадафі таксама меў у Швейцарыі 320 мільёнаў баксаў.

У дачыненні да 83-гадовага Мубарака і яго жонкі прынята рашэнне аб затрыманні на 15 сутак у рамках расследавання распачатых супраць іх спраў. Цяпер яны абодва пакуль знаходзяцца ў бальніцы Шарм-эш-Шэйха ў сувязі c станам здароўя.

Мубарака і яго жонку абвінавачваюць у выкарыстанні службовага становішча для асабістага ўзбагачэння, а Мубарака таксама падазраюць у выдачы загадаў страляць па мірных грамадзянах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?