Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў, прымаючы з дакладам прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча, паведамляе БЕЛТА.

«Я толькі што размаўляў з прэзідэнтам Расіі Дзмітрыем Анатольевічам Мядзведзевым. Ён патэлефанаваў мне.
У нас ідуць перамовы з Расійскай Федэрацыяй аб прадастаўленні стабілізацыйнага крэдыту на падтрыманне курсу беларускага рубля. Па ўсіх перамовах
яны гатовыя да таго, каб тэрмінова, калі гэта трэба, і не тэрмінова, калі гэта нам не трэба, адрэагаваць на гэта. І гэта прыкладна $ 3,1 млрд, калі мы, вядома, будзем падпісваць з імі адпаведнае пагадненне»,
 — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка дадаў: «Прыкладна $ 3 млрд — гэта будучыя продажы нашых тавараў [не зусім ясная заява — Рэд.]. Нас гатовыя пракрэдытаваць.

Разам выходзіць 6 з лішнім млрд даляраў — гэтага дастаткова ў гэтым годзе не толькі для стабілізацыі,
але і для таго, каб мець салідныя золатавалютныя рэзервы».

«Але пры гэтым трэба мець на ўвазе, што эканоміка ў нас усё-ткі расце, ВУП 112,3% да аналагічнага перыяду мінулага года — гэта высока. Вядома, крыху сродкаў не хапае, паколькі яшчэ высокія цэны на нафту, сыравіну, камплектуючыя і г.д. Гэта аб’ектыўна. Але гэта часовыя цяжкасці, і я хацеў бы, каб урад і Нацыянальны банк не вельмі тут шчыравалі ў плане пазычання сродкаў, бо іх давядзецца вяртаць.

Таму арыентацыя на тое, што жыць трэба па сродках», — сам сабе запярэчыў Лукашэнка.
Бо ж 6 мільярдаў — гэта рэкорднае разавае пазычанне для Беларусі.

«Мне, як вы ведаеце, паведамляе група, якая займаецца маніторынгам валютнага і спажывецкага рынкаў. Я хацеў бы ад вас пачуць пра ўсё, што адбываецца на валютным і спажывецкім рынках перш за ўсё. Я ведаю, вы ўчора збіраліся і нібыта выпрацавалі яшчэ адно чарговае рашэнне. Але яшчэ раз хачу вас папярэдзіць, каб вы мне прадставілі аб’ектыўную ацэнку, каб я нарэшце мог зрабіць пэўныя высновы, бо дакладчыкаў шмат, а выснова павінна быць адна», — сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да прэм’ер-міністра. Што ён меў на ўвазе, афіцыёзныя агенцтвы не тлумачаць.

Пазней крыніца ў кіраўніцтве Расіі зліла расійскаму агенцтву «Інтэрфакс» сапраўдную сутнасць прапановы Крамля. Яна зводзіцца да жадання Расіі купіць рэшту акцый «Белтрансгаза». Каштаваць яна можа каля 3 млрд даляраў.
Першыя 50% «Газпром» набыў за 2,5 мільярда.

А міністр фінансаў Расіі Аляксей Кудрын расставіў усе кропкі над «і»: «Прадугледжваецца, што для падтрымання плацёжнага балансу будзе прыватызаваны шэраг актываў: беларускі бок будзе сам вызначаць, якія гэта актывы, у якія тэрміны. Сыходзячы з патрэбаў гэтага году — гэта прыкладна каля $3 млрд». Вось які «будучы продаж нашых тавараў» меўся на ўвазе.

А вось пра крэдыт на 2011 год гаворка па-ранейшаму ідзе толькі на мільярд даляраў, і не з бюджэту Расіі, а з Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?