Уручэнне галоўнай тэлевізійнай прэміі ператварылася ў дзве з паловай гадзіны пафасу.

У натоўпе ля ўвахода ў Палац Рэспублікі гучыць фраза:

— А навошта кветкі, Дарафеева ж не будзе?

Што не будзе, гэта зразумела. Зразумела нават, хто ў выніку пераможа. Зал Палаца пусты на траціну, і праз гучную сувязь гледачоў заклікаюць спусціцца ў партэр — відаць, карцінка не ўдалася. Сцэна аформлена пад нешта сярэдняе паміж эстрадным фестывалем 80-х і творчасцю авангардных мастакоў-кубістаў. Што характэрна, большасць беларускіх шоу афармляецца менавіта так. На пульце гукарэжысёра заўважаю паперку з раскладам мерапрыемства. У пачатку пазначана: «Падчас выступу балету D.O.Z.K.I. на экране «Магія тэлебачання». На паверку магія апынулася інсталяцыяй з памех, якія можна ўбачыць на экране, калі не працуе антэна. Шоу пачалося.

Першае, што трошкі ўзрушыла залу — з’яўленне ў якасці госці Лідзіі Ярмошынай, якая мусіла раскрыць канверт і назваць пераможцу (ёй не прывыкаць) у намінацыі «найлепшая інфармацыйная праграма». У прыватнасці, характарызуючы дзейнасць вышэйазначаных СМІ,

Ярмошына сказала:

— Менавіта ад інфармацыйных праграм залежыць, альбо ты хочаш жыць у гэтай краіне, альбо баішся схадзіць у булачную.

У выніку перамаглі «Нашы новості» АНТ — паглядзеўшы іх, ісці ў булачную можна смела. Як не зашкодзіць і прагляд іншых праграм-фіналістаў. Напрыклад, грамадска-палітычнай праграмы «Карціна свету», якую, са словаў іншага спецгосця, Паўла Якубовіча «глядзець карысна для здароўя і пашырае кругагляд», як і іншыя беларускія аналітычныя праграмы.

Далей цырымонія ішла досыць аднабока: намінацыя, пасля спецыяльны госць, намінанты і ў канцы — пераможца. Агульнае ўражанне:

найбольшыя шанцы перамагчы на «Тэлевяршыні» маюць глабальныя праекты — такія, як серыя фільмаў «Гарады-героі» ці дзіцячае «Еўрабачанне».
А вось беларускасці фіналістам бракуе крытычна:
толькі спартыўны каментатар Павел Баранаў (які атрымаў прэмію за каментаванне Кубку УЕФА) звяртаўся да гледачоў па-беларуску. Ён жа падкалоў спецыяльнага госця Мікалая Чаргінца,
які пры ўручэнні прэміі найлепшаму вядучаму грамадска-палітычнай праграмы сказаў што нічога цяжкага ў, напрыклад, спартыўным каментатарстве няма. «Што там, казаць «гол» ці «удар пад штангу». Баранаў, які перамог у наступнай па ліку намінацыі, прапанаваў Чаргінцу прыйсці каментаваць матч чэмпіянату Англіі, а заадно растлумачыць што такое «удар пад штангу», бо сам Баранаў, сталы каментатар, чуе пра такі тэрмін упершыню. Больш ад фіналістаў беларускай мовы мы не чулі.

У выніку уручэнне прэміі доўжылася дзве гадзіны, а прамовы пераможцаў і спецыяльных гасцей з кожнай хвілінай усё больш нагадвалі адна адну. Перарывалася павольная плынь прэміі толькі аднойчы — Настасся Віннікава, «за якую мы ўсёй краінай перажывалі», прапяяла I Love Belarus.

На гран-пры «Тэлевяршыні» было два кандыдаты: «Дзіцячае Еўрабачанне — 2011» і грамадская-культурніцкая акцыя «Беларусь — гэта мы!». Апошняя была прадстаўленая толькі ў гэтай намінацыі. І што таксама не здзівіла нікога — як і ў мінулым годзе, атрымалі прыз абедзве перадачы.
Што яшчэ раз даказала, што ні «Залатая літара», ні «Тэлевяршыня», ні іншыя падобныя мерапрыемствы ўжо не могуць нас здзівіць. Не адважваюцца.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?