18–19 мая ў Мінск прыбудуць прэм’ер-міністры шэрагу краін СНД для ўдзелу ў пасяджэннях Савета кіраўнікоў урадаў СНД, Міждзяржсавета ЕўрАзЭС і вышэйшага органа Мытнага саюза. Пасяджэнні пройдуць 19 мая.

Прэм’ер-міністр Арменіі Тыгран Саркісян ужо прыбыў у Мінск. Чакаецца, што праз некалькі гадзін адбудзецца яго сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам.

Таксама сёння павінны прыбыць кіраўнікі ўрадаў Таджыкістана Акіл Акілаў, Кыргызстана — Алмазбек Атамбаеў, Узбекістана — Шаўкат Мірзіёеў, Казахстана — Карым Масімаў і намеснік прэм’ер-міністра Малдовы Валерый Лазэр.

19 мая чакаецца прыбыццё намесніка прэм’ер-міністра Туркменістана Накергулы Шагулыева, прэм’ер-міністра Украіны Мікалая Азарава, віцэ-прэм’ера Азербайджана Ягуба Эюбава і прэм’ер-міністра Расіі Уладзіміра Пуціна.

На пасяджэнні кіраўнікоў урадаў СНД будзе разгледжаны праект дагавора аб зоне свабоднага гандлю, у межах якога плануецца зафіксаваць дзейныя выключэнні з рэжыму свабоднага гандлю, а таксама абавязацельствы не пашыраць іх пералік і пачаць перамовы па паэтапнай адмене экспартных пошлін.

Прэм’ер-міністры абмяркуюць змест міждзяржаўнай праграмы інавацыйнага супрацоўніцтва да 2020 года. Ініцыятарам распрацоўкі гэтай праграмы выступіла Беларусь.

Адным з ключавых пунктаў парадку дня Савета кіраўнікоў урадаў СНД з’яўляецца прыняцце рамачнай праграмы па супрацоўніцтве ў галіне мірнага выкарыстання атамнай энергіі.

Акрамя таго, у межах Міждзяржаўнага савета ЕўрАзЭС кіраўнікі ўрадаў абмяркуюць працу Мытнага саюза і фарміраванне Адзінай эканамічнай прасторы. Асаблівая ўвага будзе нададзена выкананню мерапрыемстваў плана сумесных мер па пераадоленні наступстваў сусветнага фінансавага крызісу. Акрамя гэтага, прэм’ер-міністры разгледзяць арганізацыйныя аспекты стварэння Суда ЕўрАзЭС — прававога механізму вырашэння спрэчак у рамках ЕўрАзЭС і Мытнага саюза. Суд будзе размяшчацца ў Мінску і пачне працу 1 студзеня 2012 года.

Запланавана падпісанне трох міжнародных дагавораў у сферы супрацоўніцтва мытных органаў і органаў сертыфікацыі. Будуць таксама разгледжаны вынікі выканання мерапрыемстваў па пераносе ўзгодненых відаў дзяржаўнага кантролю на знешні контур Мытнага саюза. Ужо сёння на беларуска-расійскай мяжы не ажыццяўляецца пагранічны, мытны, транспартны, санітарны, фітасанітарны і каранцінны кантроль.

Асобны блок пытанняў будзе тычыцца далейшага развіцця заканадаўства Мытнага саюза ў сферы тэхнічнага рэгулявання і прымянення санітарных, ветэрынарных і каранцінных мер.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?