Тры пасажыры — 39-гадовая жанчына і два 8-летніх дзіцяці — выпалі з машыны пры сутыкненні чатырох аўтамабіляў на трасе М2 (Мінск — Нацыянальны аэрапорт «Мінск»).

 Фота forum.onliner.by.

Фота forum.onliner.by.

За рулём аўтамабіля «Міцубісі лансер» знаходзіўся 31-гадовы выхадзец з Афганістана, які раней неаднаразова парушаў правілы дарожнага руху і здзяйсняў ДТЗ. Ён рухаўся ў кірунку Барысава і, выконваючы манеўр развароту ў недазволеным месцы, не заняў крайняга левага становішча. У выніку адбылося сутыкненне з аўтамабілем «Фольксваген шаран», які выкінула на паласу сустрэчнага руху, дзе ён сутыкнуўся з машынамі «Сузукі» і «Пежо».

З дзвярэй «Фольксвагена» на праезную частку выпаў сын кіроўцы, а таксама 39-гадовая пасажырка са сваім сынам. Пацярпелыя былі шпіталізаваныя, адзін з хлопчыкаў трапіў у рэанімацыю.

«Вінаваты ў гэтым здарэнні кіроўца аўтамабіля «Міцубісі лансер», што рабіў разварот, павінен быў прадбачыць наступствы свайго грубага парушэння ПДР. Ён бяздумна парушыў закон, што немінуча прывяло да цяжкіх наступстваў, — падкрэсліваецца ў паведамленні прэс-службы. — Аднак траўмы, атрыманыя дзецьмі, — «заслуга» кіроўцы нямецкага аўтамабіля. Віна яго ў тым, што ён не гарантаваў бяспекі сваім пасажырам. У аўтамабілі адсутнічалі спецыяльныя дзіцячыя ўтрымальныя прылады, і дарослая пасажырка, і дзеці не былі прышпіленыя рамянямі бяспекі, што з’явілася прычынай іх выпадзення з салона аўтамабіля на праезную частку дарогі».

Па дадзеных прэс-службы, з пачатку года на дарогах Беларусі ўжо загінула 14 дзяцей, і 151 дзіця атрымала траўмы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?