Толькі ў турме даведаўся, што ў зняволеных ёсць свая газета. Называецца яна «Працоўны шлях» і выдае яе Дэпартамент выканання пакаранняў МУС.
У тутэйшым народзе яе завуць не інакш як «Казліны шлях». І трэба прызнаць, што такую ганаровую назву яна носіць цалкам заслужана. Традыцыйна ўвесь нумар забіты ўдзячнымі лістамі зэкаў, у якіх яны нястрымна хваляць турэмных начальнікаў і падначальнікаў за тое, што наставілі іх на праўдзівы шлях, адкрылі вочы і г.д. і да т.п. Адным словам, звычайная бальшавіцкая перакоўка. І цана гэтай перакоўкі таксама вядомая — умоўна-датэрміновае вызваленне (УДВ). Аматараў УДВ тут хоць адбаўляй, таму з аўтарскім калектывам ў выдаўцоў ніякіх праблем няма. На волі таксама, дарэчы, нешта падобнае маецца. І ў сэнсе лізаблюдства і падхалімства, і ў сэнсе перакоўкі. Так, «Савецкая Б» ахвотна дае свае старонкі для перакоўкі былым журналістам незалежных СМІ. А куфэрак проста адкрываецца! Павел Якубовіч у маладосці павертухайстваваў, вось і набраўся адпаведных кваліфікацый. Інжынеры чалавечых душ, блін.

«Працоўны шлях» атрымліваем 2 разы ў месяц, разам з «Савецкай Б». І ўжо незразумела, дзе сканчаецца «Працоўны шлях», а пачынаецца «Савецкая Б».

***

Журналіст Андрэй Пачобут абвінавачаны ў абразе і паклёпе на прэзідэнта РБ. Журналіст і адвакат пачалі знаёміцца з матэрыяламі справы. За абразу прэзідэнта закон прадугледжвае пазбаўленне волі да двух гадоў, за паклёп на Лукашэнку — да 4 год пазбаўлення волі.

Злачынства абласная пракуратура знайшла ў публікацыях журналіста ў LiveJournal і польскай «Газеце Выборчай».

Ад 6 красавіка Андрэй знаходзіцца пад вартай у гродзенскім СІЗА №1.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?