Пытанне аб скарачэнні тэрміну тэрміновай ваеннай службы з паўтара года да аднаго ў Беларусі больш не разглядаецца. Пра гэта журналістам 20 мая ў Мінску паведаміў начальнік галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўлення — намеснік начальніка Генеральнага штаба Узброеных сіл палкоўнік Сяргей Купрык.

Магчымасць скарачэння тэрміну службы абмяркоўвалася на працягу шэрагу гадоў з ініцыятывы Міністэрства абароны. Вывучаўся вопыт замежных дзяржаў. Нагадаем, супраць такога захаду выступала камандаванне ўнутраных войскаў МУС.

Паводле слоў Купрыка, ваенныя прыйшлі да высновы, што для атрымання ведаў і ўменняў ваеннаслужачымі паўтара года — гэта аптымальны тэрмін.

Павялічваць у Беларусі тэрмін службы да двух гадоў таксама не плануецца, гавораць ваенныя.

У адпаведнасці з законам «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе» для грамадзян, якія праходзяць тэрміновую ваенную службу па прызыве, устаноўлены наступныя тэрміны ваеннай службы:

— для тых, хто не мае вышэйшай адукацыі, — 18 месяцаў;

— для тых, хто мае вышэйшую адукацыю, — 12 месяцаў;

— для тых, хто прайшоў навучанне на ваенных кафедрах або факультэтах па праграмах падрыхтоўкі малодшых камандзіраў і здаў устаноўленыя праграмамі падрыхтоўкі экзамены, — 6 месяцаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?