Канада першай увяла эканамічныя санкцыі супраць Беларусі. Камэнтар Сяргея Богдана.

Гаворачы пра ўплыў эканамічных санкцыяў на палітычныя пераўтварэньні ў краіне, варта памятаць, што яны выклікаюць цэлы шэраг непазьбежных нэгатыўных наступстваў для пацярпелай краіны пры няпэўнасьці дасягненьня канчатковай высакароднай мэты. Магчымыя эканамічныя санкцыі міжнароднай супольнасьці ў дачыненьні да Беларусі нібыта павінны спрыяць дэмакратызацыі краіны.

Абвяшчаючы ў панядзелак аб абмежаваньні экспарту тавараў у нашую краіну, канадзкі ўрад дэкляраваў акурат такую мэту. Эўразьвяз пакуль устрымаўся ад крокаў у гэтым напрамку, дзякуючы пазыцыі сумежных зь Беларусяй дзяржаў. Абурацца гэтай эўрапейскай асьцярожнасьцю няварта – яна мудрэйшая за канадзкую прынцыповасьць. Каб зразумець чаму, зірнем на няпросты балянс вынікаў і выдаткаў рэжыму санкцыяў.

Санкцыі – гэта фантом

Эканамічныя санкцыі і нават поўная блякада самі па сабе яшчэ ніколі і нідзе не выклікалі палітычных зьмяненьняў. Перамена высьпявала ў выніку ўнутраных працэсаў, ім маглі дапамагчы гэтыя санкцыі, але толькі неапраўдана высокім коштам для разьвіцьця краіны ў далейшым (калі мэта не апраўдвае сродкі). Нагадаем, нават фактычная эканамічная блякада не зваліла рэжымы на Кубе, у Іраку ці Паўночнай Карэі. Санкцыі не наблізілі палітычных пераменаў у Іране, Лібіі ды Бірме. Такім чынам, калі эканамічныя санкцыі мала дзе ў сьвеце прыводзілі да дэмакратызацыі, дык чаму тады сучасная Беларусь будзе выключэньнем з гэтага правіла?

У выпадку наяўнасьці сапраўды жыцьцёва важных для сваіх нацыянальных інтарэсаў праблемаў буйныя краіны (ЗША, Вялікая Брытанія) ня раз зьвярталіся да санкцыяў і блякады апанэнтаў, але заўжды не дасягалі жаданага выніку, гублялі ўрэшце цярплівасьць і пераходзілі ў сваёй палітыцы да больш радыкальных і ваяўнічых наступных пунктаў пляну – калі гэта сапраўды было ім трэба (як ЗША ў выпадку Нікарагуа ці Іраку). Беларусь з гэтага пункту гледжаньня мае жыцьцёва важнае значэньне для нацыянальных інтарэсаў толькі адной буйной дзяржавы, здатнай на шырокамаштабныя пасьпяховыя дзеяньні ў дачыненьні да менскага рэжыму – Расеі.

Нават Польшча тут мае і яшчэ доўга будзе мець, толькі другарадную ролю. Нямецкая ж палітычная эліта аддае перавагу дамоўленасьцям з Масквой, яшчэ баючыся, праўдападобна, «ваймарскай» Расеі, якая, як мяркуюць бэрлінскія стратэгі, калі яе залішне пакрыўдзіць на «нацускраінах» можа фашызавацца падобна Ваймарскай рэспубліцы пачатку 1930-х.

Можна запярэчыць, што цяпер зьявілася новая сіла – Эўразьвяз. Але гэты актор адрозны па якасьці ад нацыянальных дзяржаваў. Я маю на ўвазе перадусім асаблівасьці структуры ЭЗ, дзе рашэньні прымаюцца зусім ня так зладжана і далёка не такія адназначныя, як у звыклых да нас структурах нацыянальных дзяржаваў. Нацыянальная дзяржава – гэта значыць манаполія гвалту пэўнай структуры на пэўнай тэрыторыі (умоўна кажучы, Магілеў ня можа беспакарана не выконваць беларускія законы ці аддзяліцца ад Беларусі), а ЭЗ – добраахвотнае аб'яднаньне, і пра такую манаполію гвалту на ўзроўні Зьвязу казаць не выпадае. Брусэль хутчэй каардынуе, чым наагул нешта вырашае, а фактычна любая складовая частка яго тэрыторыі, ня згодная з Брусэлем, можа выйсьці з Зьвязу (як некалі Грэнляндыя).

Вялікія спадзевы з ЭЗ беларускія дэмакраты пачалі зьвязваць з абмеркаваньнем беларускага пытаньня ў Эўрапарлямэнце. Але перабольшваць значэньне гэтых абмеркаваньняў ня варта, бо рэзалюцыі Эўрапарлямэнту па міжнародных пытаньнях, міжнародных адносінах і візавай палітыцы, вядома, важныя, але палітыкі ЭЗ насамрэч не вызначаюць. Ахвотныя могуць гэта спраўдзіць нават па просьценькай схеме трох апораў супольнай палітыкі ЭЗ.

Вызначаюць жа эўразьвязаўскую замежную палітыку ўрады. Больш за тое, фактычна гэта робяць перш за ўсё ўрады старых сяброў Зьвязу – прытым нашыя зычлівыя польскія і балтыйскія суседзі ня змогуць ў бліжэйшай пэрспэктыве нешта ў гэтым зьмяніць ды пераарыентаваць палітыку Зьвязу ў дачыненьні Ўсходняй Эўропы. Справа ў тым, што, нават разам узятыя, яны мала што могуць проціпаставіць аўтарытэту ці эканамічнай магутнасьці старых чальцоў Зьвязу. А старыя чальцы Зьвязу заўжды былі куды больш зацікаўленыя ў міжземнаморскім і блізкаўсходнім напрамках замежных зносінаў (з сваіх гістарычна абумоўленых меркаваньняў).

Таму верагодныя санкцыі ў дачыненьні да Беларусі з заходняга боку рызыкуюць застацца толькі прыгожым жэстам ўвагі да прынцыпаў дэмакратыі (што не зьмяншае катастрафічнай іх цаны для самой краіны, бо на краіны ЭЗ прыпадае ўжо каля паловы нашага замежнага гандлю). Большага ўмяшаньня з заходняга боку Лукашэнку баяцца няма чаго, мы настолькі нікому на тым баку не дапякаем, каб ён пачаў якія-кольвечы радыкальныя захады. Баюся, што пакуль толькі Пуцін “думае пра Беларусь”.

Санкцыі, як шлях у Трэці сьвет

Шанцы на дэмакратызацыю праз санкцыі – невялікія. А як жа з цаной, якую давядзецца заплаціць краіне, якая пад іх трапіла? Тое, чым абарочваюцца дэмакратызацыйныя санкцыі, я пастаянна назіраю, прыязджаючы ў Іран. Гэтая краіна да санкцыяў мела найсучасьнейшае абсталяваньне і імкліва мадэрнізоўвалася, імпартуючы зь усяго сьвету нават найдаражэйшыя дасягненьні чалавечага розуму (нафтавых грошай хапала!). Іран вось-вось павінен быў далучыцца да новых індустрыйных краінаў… Сёньня ён адкінуты на дзесяцігодзьдзі назад, бо вымушаны двойчы «вынаходзіць усе ровары», альбо закупляць іх састарэлыя тэхналёгіі ў далёка ня лідэраў тэхналягічнай галіны, кшталту Расеі ды Пакістану. Гэта выснажвае інтэлектуальныя рэсурсы, марнуе грошы, стрымлівае разьвіцьцё, а ўрэшце пакуль ні на цалю не наблізіла дэмакратычныя зрухі. Прытым краіна застаецца ў шэрагах Трэцяга сьвету.

Вядома Іран – крайні прыклад, але і Беларусь можа апынуцца ў падобнай нязручнай сытуацыі і нават з Другога сьвету выпасьці ў Трэці, усё праз санкцыям, бо грошай на куплю тэхналёгіяў і тавараў па трайной цане ў нас няма, як няма той самай нафты. Санкцыі гіпатэтычна, згодна з марамі іх прыхільнікаў, набліжаюць дэмакратызацыю ў сьветлай будучыні, але руйнуюць любую краіну ўжо сёньня, замаруджваюць разьвіцьцё ва ўсіх галінах. Пазаўтра можа (!) адбыцца рэвалюцыя, але ўжо сёньня прадпрыемствы трацяць магчымасьці для мадэрнізацыі і выхаду на рынкі. А стабільна замацавацца на рынках вымагае вялікай і працяглай працы. Нават самая лепшая дэмакратычная рэвалюцыі не адновіць вокамгненна парушаныя санкцыямі эканамічныя сувязі, ня выправіць спрычыненыя санкцыямі перакосы.

Вядома, першы вінаваты — той, хто давёў край да санкцыяў, усталяваўшы непрымальны для нас рэжым палітычнага кіраваньня. Але калі мы дбаем пра інтарэсы краіны ў далёкай пэрспэктыве, дык ня можам вітаць санкцыі, якія руйнуюць край у пагоні за зданьню дэмакратызацыі. У зруйнаванай краіне Трэцяга сьвету ня будзе дэмакратыі. Нельга ўсьлед за рэжымам проста грэбаваць пагрозай разбурэньня краіны на шляху да палітычнай перамогі. Гэта будзе антынацыянальная палітыка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?