І просіць «перад прымяненнем новых абмежавальных мер ставіць у вядомасць, каб мы маглі загадзя забяспечыць большую прапускную здольнасць рэсурсу».
Генпракуратура шукае стваральнікаў сайта абмену валют prokopovi.ch, рэсурс набірае папулярнасць.

«З-за дзеянняў праваахоўных сайт проста не вытрымлівае нагрузкі. Хацелася б звярнуцца да іх з просьбай перад прымяненнем да нас новых абмежавальных мер загадзя ставіць нас аб гэтым у вядомасць, каб мы маглі загадзя забяспечыць большую прапускную здольнасць рэсурсу «, — распавёў Naviny.by стваральнік сайту, «проста Пеця».

На той выпадак, калі давядзецца пагутарыць з праваахоўнымі органамі, у аўтара праекта амаль усё гатова.

«Ключоў ад уваходу на сайт дома не трымаю, да базы дадзеных на серверы доступ без электроннага ключа не атрымаць, гісторыю для статыстыкі захоўваю адвязаную ад карыстальніка. На выходных яшчэ напішу скрыпты, якія будуць аўтаматычна вычышчаць усе згадкі пра IP-адрасы. Планую ўключыць доступ па пратаколе HTTPS, — распавёў ён. — Гэта ўсё да таго, што ў выпадку чаго органам нават паяльнік не дапаможа, таму што я, па-першае, сам у базу не зайду, а па-другое, там каштоўнага нічога няма. Акрамя таго, сайт працуе ўжо практычна ў аўтаномным рэжыме, будзе працаваць і без мяне. Самая вялікая пагроза — хакеры, якія могуць узламаць сервер з інтэрнэту. Але ў нас добры адмін. Робім рэгулярныя бэкапы. І зноў жа — гісторыі аб’яваў у базе прынцыпова няма.

Калі запатрабуюць выдаць дадзеныя афіцыйным запытам — параю толькі перанакіраваць яго ў чэшскі КДБ.
Юрыдычна, сайт знаходзіцца па-за беларускім прававым полем».

Пакуль сайт працуе, як і працаваў. «Калі адчуем, што забарона пачынае мець сілу, будзем распаўсюджваць інфармацыю пра шляхі абыходу абмежаванняў усімі магчымымі спосабамі.

Спыненне працы не плануецца, працуем над пашырэннем функцыянальнасці
», — кажа аўтар праекта.

Што датычыцца планаў па пашырэнні праекта або стварэння новых рэсурсаў на грунце ўсебеларускага ажыятажу, то «проста Пеця» жартуе, што ў бліжэйшы час прыбярэ да рук і грэчку: «Аб’явы аб продажы грэчкі ўжо збіраем, але нікому не паказваем. На ўсе аб’явы аператыўна рэагуе наша служба, якая звязваецца з карыстальнікамі і выкупляе дэфіцытны прадукт самастойна. Задумваемся над павелічэннем аўтапарку і прыняццем заявак на соль і цукар».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?