Нямецкая грамадзкая арганізацыя «Прускае прадстаўніцтва» ўнесла ў Эўрапейскі трыбунал правоў чалавека ў Страсбурзе 22 пазовы аб вяртаньні выгнаным з Польшчы пасьля ІІ усясьветнай вайны немцам пакінутай імі маёмасьці. Гутарка ідзе пра нерухомасьці на поўначы краіны: на Варміі й Мазурах, ды ў Сілезіі. Пацярпелыя ў пасьляваенны час патрабуюць ад польскіх уладаў кампэнсацыяў альбо вяртаньня маёмасьці.

Ян Вэнгжын зь Ведамства па справах рэпатрыянтаў ды іншаземцаў сказаў Польсакму Радыё, што людзі, якім у мінулым дазволілі эміграваць у Нямеччыну, назаўсёды страцілі польскае грамадзянства. Ён патлумачыў, што ў камуністычныя часы можна было пазбавіць грамадзяніна пашпарту, не паведамляючы яму аб гэтым. Ян Вэнгжын зазначае, што ў краіне некалькі гадоў працягваецца дыскусія па гэтым пытаньні, а рашэньні адміністрацыйных судоў неаднародныя:

Камуністычныя ўлады палічылі, што справа пазбаўленьня грамадзянства й нерухомасьці вырашана назаўсёды, і часта тагачасныя чыноўнікі не выконвалі поўнасьцю абавязкаў і не выключалі з дакумэнтаў прозьвішча былога ўласьніка.

Здаралася, што людзі, нічога не падазраваючы, набывалі ад дзяржавы нерухомасьць, а сёньня яны даведваюцца, што ёсьць іншы ўласьнік, у якога ёсьць ўвесь час дзейны акт уласнасьці.

У панядзелак стала вядома, што нямецкі ўрад не падтрымвае ані прэтэнзіяў, ані патрабаваньня кампэнсацыяў з боку «Прускага прадстаўніцтва». І такой будзе афіцыйная пазыцыя Нямеччыны перад мясцовымі й міжнароднымі судамі, у тым ліку таксама перад Трыбуналам у Страсбурзе - заявіў прэс‑сакратар нямецкага ўраду Томас Штэг. Ён падкрэсьліў, што да гэтай пары ўсе ўрады Нямеччыны займалі пасьлядоўную пазыцыю па гэтым пытаньні, якую, дарэчы, падчас свайго візыту ў Польшчу ў 2005 годзе прадставіла канцлер Ангела Мэркэль.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?