Візыт Лукашэнкі да Назарбаева ў Казахстан можа аказацца не зусім звычайным.

Постсавецкае сяброўства: грошы і ідэі

Казахстан уваходзіць у лік важных гандлёвых партнёраў Беларусі. Абедзве краіны аб’яднаныя савецкай культурнай і тэхналагічнай спадчынай ды маюць добрае ўяўленне адна пра другую. Двухбаковае ўзаемадзеянне дапаўняецца ўзаемадзеяннем у рамках розных постсавецкіх аб’яднанняў. Праўда, апошнім часам паказнікі эфектыўнасьці стасункаў з беларускага гледзішча пагоршыліся. Летась аб’ём тавараабароту дасягнуў 867 млн даляраў — амаль удвая больш чым з Літвой! Разам з тым больш чым утрая скарацілася станоўчае сальда. То бок казахскі імпарт у Беларусь вырас шмат мацней, чым беларускі экспарт. Беларускі рынак меншы за казахскі і павялічыць тут продажы казахам аб’ектыўна цяжэй, чым беларусам у Казахстане. Па інвестыцыях справа выглядае яшчэ больш адназначна — за 2010 г. прыцягнута з Казахстана 1 млн даляраў прамых інвестыцый, тады як Беларусь уклала ў Казахстан 41,8 млн.

Справа не толькі ў грашах.

Палітычна Казахстан — адзін з самых блізкіх беларускаму рэжыму, а казахская мадэль яўна падабаецца Лукашэнку.

Назарбаева сапраўды ўжо даўно пакінулі ў спакоі, а заходняя крытыка на яго адрас абмяжоўваецца артыкуламі ў СМІ і акадэмічнымі дыскусіямі. Ён дамогся нават старшынства ў 2010 г. у АБСЭ. Пры гэтым у сябе на радзіме ён прысвоіў тытул елбасы — «правадыра нацыі». Назарбаеўскі Казахстан і лукашэнкаўская Беларусь -- аднатыпныя рэжымы, толькі першаму пашанцавала апынуцца геаграфічна далей ад Еўропы, тады як другі аказаўся бяльмом на яе вачах. Таму

марай Лукашэнкі якраз і было б стаць «еўрапейскім Назарбаевым».

Некалі ўзбекскі прэзідэнт Карымаў разам з Назарбаевым кпілі з беларускага кіраўніка на постсавецкіх самітах за ягоны «камунізм» і «савецкасць», але пазней адносіны паміж Лукашэнкам і Назарбаевым наладзіліся. Сведчаннем таму ёсць і такія дробныя паслугі з боку беларускага лідара, як прыняцце ў Мінску зрынутага кыргызскага прэзідэнта Бакіева, дзякуючы чаму казахскі кіраўнік вырашыў вострую для сябе праблему летась.

Пошукі паратунку ад Масквы?

Казахская эканоміка ўмацавалася пасля распаду СССР, стаўшы побач з Расіяй прыцягальным месцам для пошуку працы для ўсёй Сярэдняй Азіі. Краіна спрабуе актыўна працаваць, не толькі ў рэгіёне, але і па-за ім (ЕС і Кітаем), мае сур’ёзную вагу ў постсавецкай палітыцы, ды — самае галоўнае ў нашым выпадку — цесна ўзаемадзейнічае з Расіяй. Ва ўзаемадзеянні з Масквой Назарбаеў можа быць настолькі ж карысным для Лукашэнкі як і ўкраінскае кіраўніцтва.

Адна з важнейшых задачаў вонкавай палітыкі Беларусі, як сярэдняй па памерах еўрапейскай краіны, палягае ў тым, каб кампенсоўваць дысбаланс у адносінах з нашмат большымі за яе па сваіх параметрах і магутнасці дзяржавах, перш за ўсё з Расіяй. Звычайнай стратэгіяй для такога выраўновання вагі з’яўляецца, па-першае, апора меншых дзяржаў на праўныя рамкі, апеляцыя да міжнароднага права. То бок, калі нельга перамагчы гіганта, трэба аблытаць яго юрыдычнымі нормамі.

Другім кампанентам такой стратэгіі з’яўляецца «інтэрнацыяналізацыя» пытанняў двухбаковых адносінаў з дыспрапарцыйна большымі краінамі. Напрыклад, выкарыстанне ў адносінах з вялікімі дзяржавамі структураў міжнародных арганізацый, або саюзаў з іншымі дзяржавамі.

Беларусь, апынуўшыся зараз фактычна ў руках Крамля, спрабуе звязаць яму рукі праз манеўры на постсавецкай прасторы. Вядома, праз СНД тут зробіш няшмат, але вось праз гульню ў пары з Казахстанам ды выкарыстанне фармальных рамак Адзінай эканамічнай прасторы, Мытнага звязу ды АДКБ Лукашэнка якраз можа спадзявацца на пэўную палёгку. Некалі раней ён выраўноўваў гэты дысбаланс здрабняючы расійскую дзяржаўную моц праз сепаратныя перамовы з расійскімі рэгіянальнымі кіраўнікамі, і дамогся ў тым часовага, але заўважнага поспеху.

Цяперашняя гульня выглядае куды больш складанай, бо надта ж адрозніваюцца інтарэсы заснаванай на продажы сыравіны казахскай эканомікі і беларускай індустрыялізаванай гаспадаркі.

У любым разе

менавіта пытанні заступніцтва Назарбаева перад Масквой ды беларуска-казахскае ўзаемадзеянне і будуць граць важнейшую ролю на перамовах у Астане
падчас гэтага візіту, ветліва прыкрытыя бяскрыўднымі пытаннямі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.

Пытаньне крэдытавання — самае актуальнае для беларускага кіраўніцтва. Праўда, нягледзячы на несумненную заможнасць Казахстана, значна дапамагчы грашамі Мінску ён не дасць рады. Праблема Беларусі зараз можа быць вырашана толькі лічанымі буйнымі дзяржавамі (Расіяй ці ЕС) і міжнароднымі арганізацыямі (як то МВФ).

Казахстан у іх лік не ўваходзіць — маштаб не той.

Зрэшты, Назарбаеў можа прыдацца і для гэтых мэтаў. Як некалі Юшчанка і Саакашвілі спрабавалі дапамагчы Лукашэнку навязаць кантакты з Захадам, так цяпер пра гэта ёсць сэнс прасіць і Назарбаева, які здолеў дамовіцца з Захадам, нягледзячы на відавочна большую рэпрэсіўнасць яго рэжыму.

Кола замежнапалітычных і эканамічных сувязяў Беларусі не толькі застаецца адносна невялікім, але і працягвае звужацца.
Таму спробы манеўраваць могуць даць толькі сціплы плён, бо фігураў на шахматнай дошцы ў гульні, якую вядзе беларускае кіраўніцтва, засталося няшмат. Больш за тое, сам беларускі кіраўнік таксама рызыкуе стаць праз нейкі час ужо не гульцом, а фігурай у расійскай гульні.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?