З 25 мая ў Беларусі на 8–10% павышаюцца гранічныя адпускныя цэны на ялавічыну і свініну. Згодна з пастановай Міністэрства эканомікі № 65, у маі-чэрвені гранічныя адпускныя цэны на ялавічыну складуць 13.064 рублі за кілаграм, свініну першай і другой катэгорыі — 10.409 рублёў, трэцяй катэгорыі — 9.720 рублёў.

Разам з тым, адзначаюць у прэс-службе Мінэканомікі, на ранейшым узроўні застаюцца гранічныя адпускныя цэны на хлеб і малочныя прадукты. «Эканамічна абгрунтаванае змяненне адпускных цэн ажыццяўляецца ў памеры не больш чым 0,7% за месяц, не перавышаючы гранічных адпускных цэн, калі не прынята іншае рашэнне», — гаворыцца ў паведамленні.

У той жа час па «асобных пазіцыях хлебабулачных і малочных тавараў, якія маюць абмежаванае кола спажыўцоў і не носяць сацыяльнай накіраванасці, прадпрыемствы перапрацоўчай прамысловасці могуць фарміраваць цэны зыходзячы з наяўнай кан’юнктуры рынку», адзначаюць у міністэрстве.

У ліку такіх тавараў у паведамленні называюцца «хлябы заварныя з выкарыстаннем дадатковай сыравіны замежнай вытворчасці, хлеб для тостаў, булачныя вырабы з начынкамі і вагой менш чым 300 грамаў, асновы для піцы, лавашы і ляпёшкі, дыетычныя і абагачаныя хлебабулачныя вырабы, хлебабулачныя вырабы для харчавання спартсменаў; высакатлустыя малочныя прадукты, малочныя прадукты з іншых відаў малака, акрамя каровінага, а таксама з рознымі смакавымі дабаўкамі і напаўняльнікамі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?