Вядома, можна не згаджацца з тым, што на небе ёсць Бог і што кожнаму калісьці давядзецца адказваць за свае грахі перад Найвышэйшай справядлівасцю.

Гэтаксама можна не згаджацца і з тым, што існуюць аб’ектыўныя законы прыроды, законы эканомікі і законы рынка. Праўда наступствы гэтай нязгоды з куды большай верагоднасцю давядзецца адчуць яшчэ пры жыцці. І аднойчы насуперак любому сацыяльнаму папулізму палітыканаў і саўковых левых «эканамістаў»-канспіролагаў, ня важна, ці ідзе ён проста ад глупства ці ад глупства і таксама ад злой волі, — законы эканомікі сваё возьмуць.

Лукашэнкаўская Беларусь - як папулісцкая Амерыка з рамана Айн Рэнд «Атлант расправіў плечы» (сухаватая, але цудоўная, між іншым, кніга для тых, хто цікавіцца эканомікаю). Да самага канца магло здавацца, што пранясе — «ну праносіла ж у іншыя разы» — але гэтым разам наш Калабок такі не пазбегне смерці ў лісінай пашчы.

Не можа краіна жыць без рынкавых рэформаў, не можа дзяржава быць эфектыўным уласнікам і працадаўцам. Цудаў не бывае,

Волга ўпадае ў Каспійскае мора, а нармальная эканоміка грунтуецца на прыватным прадпрымальніцтве і прыватнай уласнасці.

Ласкава просім у рэальны свет, Аляксандру Рыгоравічу.

Апазіцыйныя аналітыкі гадоў пятнаццаць папярэджвалі, што архаічная напаў-планавая лукашэнкаўская эканоміка, пабудаваная на транзіце расійскага газа, перапрацоўцы дармовай расійскай нафты і на продажы калію, нежыццяздольная. За гэтыя гады беларускія заводы прамарнавалі час і рэсурсы на субсідыяваны выраб неканкурэнтаздольных і непатрэбных тэлевізараў і халадзільнікаў, а дзяржава прамарнавала велізарныя грошы на лядовыя палацы і ўмацаванне спецслужбаў. Усё эта з савецкімі звычкамі менеджмента і з такім пазбаўленым стратэгічнага бачання, вельмі, здавалася б расейскім, а не беларускім спадзяваннем на «авось».

Адзін амерыканскі эканаміст жартаваў, што

паводле некаторых падлікаў для савецкай эканомікі, з яе гэтаксама нізкаякаснай і стратнай мірнай прадукцыяй, было б лепей, калі б працавала толькі нафтавая труба, і каб усё астатняе насельніцтва не працавала і атрымлівала з гэтага пенсію.
Так ці іначай, Беларусь, з махлярскім перахросным субсідыяваннем прадпрыемстваў, апошнія гады прыкладна так і жыла.
Некампетэнтнасць і, мякка кажучы, недобрасумленнасць кіраўніцтва давяла краіну да таго, да чаго не магла не прывесці. Дарэчы, ці заўважылі вы, што Беларусь — адзіная краіна, якая фігуруе ў рэйтынгу рэкардсменаў па аднамомантнай дэвальвацыі двойчы?

Большасць беларусаў знала і без гэтага, што перад прэзідэнцкімі выбарамі 2010 г. Беларусь мела ўзровень жыцця ніжэйшы, чым амаль ва ўсіх суседзяў. Цяпер узровень будзе ніжэйшы, чым ва ўсіх.

Надыходзіць час брацца за розум і адбудоўваць краіну — адбудоўваць яе з нуля.

Надыходзіць час беларускай дзяржаве запаважаць прыватную ўласнасць і працу людзей: разняволіць прыватную дзелавую ініцыятыву грамадзян, перадусім здымаючы з іх шыі бюракратыю і празмерны падатковы прэс.

Надыходзіць час для сапраўднай прыватызацыі. Як заўжды ў такіх крызісных сітуацыях, прадаваць актывы давядзецца не чынна-ўпарадкавана, на прыгожым адкрытым аўкцыёне ці ўвогуле, як у найлепшых дамах, праз выхад на біржу — а каму атрымаецца, як мага хуччэй і хоць па якой цане. Акрамя расійскіх інвестараў, звыклых да постсавецкіх «понятий» і падтрыманых Крамлём, звязвацца з беларускім рэжымам у гэтых умовах не будзе ніхто.

Рэжыму надыходзіць час сапраўды мірыцца з Захадам — і хаця б для гэтага знайсці нагоду выпусціць палітвязняў і пайсці на перамовы з апазіцыяй па пераўладкаванні краіны.

У тым, што рэжым не ўсведамляе неабходнасць усяго вышэй пералічанага, сумнявацца не даводзіцца. Беларуская гісторыя апошніх пятнаццаці згубленых гадоў навучына быць песімістам. Рыхтуймася да найгоршага сцэнара: дэфіцыт, беспрацоўе, гуманітарная дапамога, «Лебядзінае возера».

Адно добра: згубленыя Беларуссю гады, відаць, усё ж набліжаюцца да свайго заканчэння.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?