Намесніку дырэктара адной з мінскіх фірмаў сёння выстаўленае абвінавачванне ў арганізацыі наркалабараторыі ў Ждановічах,
паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Беларусі.

Вытворчасць амфетаміну мужчына арганізаваў у доме пенсіянеркі, якая пражывае ў Ждановічах. Праваахоўнікі канфіскавалі больш за 30 г названага рэчыва, розныя прэкурсоры і спецыяльнае абсталяванне. Раней абвінавачваны ўжо прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за аналагічнае злачынства.

У МУС адзначылі, што з 2010 года ўведзены новы крытэр ацэнкі работы міліцэйскіх падраздзяленняў па барацьбе з наркотыкамі — спыненне дзейнасці наркалабараторыяў.
Правільнасць такога рашэння пацвярджаецца вынікамі. Калі раней штогод выяўлялася 3–9 такіх лабараторый, то за няпоўныя пяць месяцаў гэтага года — ужо 10. У асноўным зламыснікі спрабуюць разгарнуць сваю дзейнасць у сталіцы і Мінскім раёне.

На думку спецыялістаў МУС, у цяперашні час злачынцы перакваліфікаваліся на сінтэз асабліва небяспечных псіхатропаў, што прыводзіць да паступовага выцяснення з нелегальнага рынку наркатычных сродкаў.

У 2010 годзе тройчы ўносіліся змены ў існыя нарматыўныя прававыя акты, якімі быў забаронены свабодны абарот на тэрыторыі Беларусі 58 новых відаў асабліва небяспечных наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў, 24 прэкурсораў і 3 нарказмяшчальных раслін. Ужо ў гэтым годзе ў адпаведныя спісы трапілі 24 новых псіхатропы і адзін прэкурсор. Прапрацоўваецца пытанне аб унясенні яшчэ васьмі раней невядомых псіхатропных рэчываў.

У асноўным прэкурсоры для вырабу дурману нелегальна пастаўляюцца з Расійскай Федэрацыі. Неабходныя для сінтэзу псіхаактыўных рэчываў формулы «хімікі» знаходзяць у інтэрнэце. Магчымасць бесперашкоднага атрымання такой інфармацыі і імкненне да хуткага ўзбагачэння ў канчатковым выніку прыводзяць наркадзялкоў на лаву падсудных.

Міністэрства ўнутраных справаў нагадвае, што здзяйсненне злачынстваў, прадугледжаных арт. 328 Крымінальнага кодэкса РБ (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх прэкурсораў), цягне за сабой пакаранне да 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?