Пракурор Кірыл Чубкавец запатрабаваў для экс-кандыдата ў прэзідэнты сем гадоў турмы. Дзмітрый Ус прыйшоў у Ленінскі суд сталіцы з сумкай з рэчамі, ён ужо быў падрыхтаваны да зняволення. Аднак на мінулым тыдні прысуд так і не абвесцілі, бо суддзя Людміла Грачова «захварэла». Прысуд будзе абвешчаны ў чацвер, 26 мая.

 Здымак Сяргея Гудзіліна

Здымак Сяргея Гудзіліна

Кватэра Уса знаходзіцца ў доме побач з Адміністрацыяй прэзідэнта. Карэспандэнты «НН» заспелі яго за партыяй у шахматы з сябрам. Ус кажа, што гэта адзін з любімых спосабаў бавіць вольны час.

«Наша Ніва»: Мы з Вамі сустракаліся для гутаркі ў кастрычніку. Тады думалі, што падзеі будуць развівацца менавіта так?

Дзмітрый Ус: Што да эканамічнай сітуацыі, то ведаў, што ўсё ў завале яшчэ тады. Тым не менш, думаў, што Лукашэнка зробіць большы націск на эканоміку, а не на ганенне апанентаў. Партыя ж пачала складвацца не зусім так, як я чакаў. Гэта як у шахматах.

«НН»: Што адбылося 19 снежня?

ДУ: Людзі выйшлі з пратэстам, патрабуючы новых выбараў. Каб у выбарчых камісіях сядзелі незалежныя людзі, якія б незаангажавана лічылі галасы. Па самых сціплых падліках, на Плошчы было 30–40 тысяч чалавек. Я не быў на мітынгу на плошчы Незалежнасці. Потым даведаўся, што Саннікаў і Статкевіч хацелі нейкіх перамоваў з уладамі. Не ведаю, навошта ім тое было трэба, бо ўлада з імі гаварыць не хацела. Было пабіта некалькі вокнаў і дзвярэй. Была экспертыза бутэлькі з нейкай вадкасцю. Высветлілі, што гэта вада. Гэта даказвае, што ўсё было падкінута. Цікава, што нібыта 40 амапаўцаў атрымалі траўмы, але ніводнага чалавека, які іх збіваў, не было затрымана. Хаця на Доме ўрада стаяць камеры назірання. Пракурор адмовіўся далучаць відэа з іх да справы. Была сфабрыкаваная справа, каб абвінаваціць кандыдатаў у тым, што яны не рабілі.

«НН»: А план у кандыдатаў быў?

ДУ: Канкрэтнага плана не было, ці, можа, я пра яго не чуў. У мяне быў іншы сцэнар. Не хачу казаць які. Але ініцыятыву перахапіў Саннікаў. Ён павёў людзей туды, куды лічыў патрэбным.

«НН»: Калі Вас затрымалі?

ДУ: Да мяне прыехалі а другой ночы. Палкоўнік КДБ сказаў, што мяне трэба тэрмінова дапытаць у сувязі з беспарадкамі. Мяне пасадзілі ў камеру ў «амерыканцы», адкуль неаднаразова выклікалі на допыты. Мне казалі, што мой бізнес будзе знішчаны, сам я сяду ў турму, калі не дам паказанні супраць Статкевіча, што ён арганізоўваў масавыя беспарадкі. Зноў адвялі ў камеру, дзе загадалі падумаць. Са мной неафіцыйна размаўляў намеснік Зайцава, не магу ўспомніць прозвішча. Пяць разоў за ноч дзёргалі. Тым не менш, я сказаў, што нікога абвінавачваць не буду. Як я магу нагаворваць на чалавека, які не рабіў гэтага?

«НН»: На БТ 20 снежня была агучаная Ваша заява…

ДУ: Выдзернулі з камеры. Мне сказалі, што пытанне пад кантролем прэзідэнта, што збітыя амапаўцы, пабітыя вокны. Запыталіся, як я стаўлюся да гэтых дзеянняў. Сказаў, што, натуральна, адмоўна. План мітынгу ў гэтым не быў. «Вы ад сябе заявіце, што негатыўна ставіцеся наконт АМАПа і вокнаў», — было прапанавана. Я згадзіўся. Я падпісаў два-тры сказы. На БТ ж было агучанае зусім іншае. Мяне прасілі выступіць на тэлебачанні, але я адмовіўся.

«НН»: Пасля той заявы думалі, што ад Вас адчэпяцца?

ДУ: Ды не. Мне ясна сказалі, што пайду па справе са Статкевічам. Пытанне было толькі ў тым, ці сведкам, ці абвінавачаным. На мяне ціснулі цэлы дзень. Пасля вызвалення мяне некалькі разоў выклікалі на размовы, але ўжо прапановаў даць паказанні на Статкевіча не было.

Апазіцыя не да канца разумее важнасці зменаў у выбарчым заканадаўстве. Няма справядлівага падліку галасоў. Хлусяць апазіцыі, выбарцам. Улада не зацікаўленая ў зменах, бо яна губляе кантроль. Калі б я быў такі, як Цярэшчанка, Рымашэўскі ці Раманчук, то мне б далі два гады ўмоўна і адчапіліся. Я ж прапаноўваю супрацьстаянне сістэмы на сістэму. Толькі так яе можна перамагчы.

«НН»: Выказваецца меркаванне, што Вам помсцяць за фінансаванне Статкевіча.

ДУ: Тут не ў Статкевічу справа. Хоць Статкевіч і самы прасунуты апазіцыянер, які зразумеў неабходнасць змены выбарчага заканадаўства. Калі яго не змяніць, то будуць рабіць з нас дурняў да той пары, пакуль Коля [Лукашэнка] не прыйдзе да ўлады. З восені пачынаем збор подпісаў аб змяненні выбарчага заканадаўства. Пачнецца рух. Я планую сабраць мільён подпісаў. Данесці сітуацыю да людзей.

«НН»: А калі апынецеся ў турме?

ДУ: Значыць, будуць нейкія іншыя мае давераныя людзі. Яны ёсць, але яшчэ не паказаліся. Дамоўленасці існуюць, трэба пачынаць. Думаю, калі нас пасадзяць, то Еўропа ўвядзе эканамічныя санкцыі.

«НН»: Які ў Вас прагноз адносна суда?

ДУ: Які тут можа быць прагноз? Суддзі і пракуроры — гэта пешкі. Усё залежыць ад таго, з якой нагі ўстане Лукашэнка, хто падасць [яму] інфармацыю. Чаму цяпер адкладаецца вырак? Хутчэй за ўсё, баяцца прагадаць. Я думаю, што на наступных выбарах Лукашэнкі не будзе, бо сітуацыя ў эканоміцы крытычная. Дзе вы бачылі, каб бульба каштавала па 3 тысячы за кілаграм? У палітыцы таксама ніводная цывілізаваная дзяржава з намі размаўляць не хоча. Людзі, якія яго падтрымліваюць цяпер, праз два-тры гады будуць лаяць. Ён зрабіў грамадства спажыўцоў. Людзі не прывыклі працаваць, а звыкліся сядзець і атрымліваць грошы. А зараз гэтая лавачка прыкрыецца. І людзі пачынаюць «чухаць рэпу», бо яны не прывыклі да такога.

«НН»: Ваш бізнес дзейнічае яшчэ?

ДУ: Не, давялося распусціць. Тут галава баліць па іншым. Да турмы трэба рыхтавацца.

«НН»: Вы да турмы гатовыя?

ДУ: За ідэю гатовы пакутаваць. Лічу, што яна разумная, граматная. Што б ні здарылася, я яе не адракуся. Трэба даводзіць яе да канца. Каб нашы беларусы былі абароненыя законам і бюлетэнямі. Людзі не ведаюць, хто іх дэпутаты. Калі я вылучаўся на Асаналіева, то людзі мне расказвалі, што шукалі Гайдукевіча ўсе чатыры гады. І не маглі знайсці, каб вырашыць лакальныя праблемы. Хутчэй за ўсё пасадзяць, ці зробяць так, каб не мог вылучацца ў дэпутаты.

«НН»: Як гэта адчуваць, што апошнія дні знаходзішся дома, а потым можаш на доўгі час апынуцца на нарах?

ДУ: Вы ведаеце, я ляжаў у рэанімацыі шмат разоў. Я бачыў столькі смерцяў… У мяне проста ёсць ідэя. Не важна, дзе спаць. Галоўнае, каб дух не быў зломлены. Не хачу, каб беларусы былі рабамі.

«НН»: Думак пра ўцёкі не было?

ДУ: А сэнс? Я не лічу сябе вінаватым. Якая гэта свабода — уцякаць ад сваіх родных, ад народа? У мяне тут сваякі, сябры. Мне гэта не трэба. Няхай бяжыць той, хто гэта робіць. Цяпер сачэнне меншае, дужа не відаць. Мусіць, якраз і чакаюць, каб я ўцёк.

«НН»: У Вас не вельмі моцнае здароўе. Турма ж нікому здароўя не дадае.

ДУ: Калі ў беларусаў няма здаровых, то інвалід будзе абараняць іх правы.

***

Дзмітрый Ус нарадзіўся 10 чэрвеня 1971 у Мінску. Скончыў юрыдычны факультэт Гродзенскага ўніверсітэта. Беспартыйны. Жанаты, выхоўвае сына.

Працаваў рабочым на заводзе «Інтэграл» у Мінску, пазней — у сферы будаўніцтва. З 1992 — дырэктар выдавецтва «Трывіум». У 1999–2003 быў дэпутатам Мінскага гарадскога савета, затым на выбарах у 2003 і 2007 яго не зарэгістравалі. У 2010 браў удзел у выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў, але прайграў, набраўшы, паводле звестак Ярмошынай, 33% галасоў.

Адзін з кандыдатаў у прэзідэнты на прэзідэнцкіх выбарах у снежні 2010. Затрыманы ў Мінску ў ноч з 19 на 20 снежня пасля масавай акцыі пратэсту. Утрымліваўся ў СІЗА КДБ. Днём 20 снежня выпушчаны адтуль пад падпіску пра нявыезд. Доўгі час з’яўляўся падазраваным па справе аб масавых беспарадках. Абвінавачванне па артыкуле 293 КК прад’яўлена 18 сакавіка 2011 (арганізацыя масавых беспарадкаў).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?