Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) перагледзеў прынятую ў снежні 2009 года краінавую стратэгію па Беларусі і адмовіўся ад запланаваных праектаў у дзяржаўным энергетычным сектары. Аб гэтым гаворыцца ў афіцыйным паведамленні, размешчаным на сайце ЕБРР.

«У сувязі з неспрыяльным развіццём палітычнай сітуацыі ў Беларусі пасля выбараў у снежні 2010 года і працягам заклапочанасці міжнароднай супольнасці наконт стаўлення [уладаў] да палітычнай апазіцыі, грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ cавет дырэктараў ЕБРР вырашыў перагледзець аперацыйны падыход банка да Беларусі ў межах існуючай стратэгіі», — гаворыцца ў паведамленні.

У выніку перагляду краінавай стратэгіі дзейнасць ЕБРР у Беларусі будзе абмежаваная праектамі, якія адпавядаюць наступным крытэрыям: «развіццё прыватнага сектара, падтрымка беларускага народа, адмова ад фінансавай і тэхнічнай падтрымкі беларускіх уладаў, паляпшэнне экалагічных стандартаў».

Пры гэтым адзначаецца, што «ў Беларусі банк працягне надаваць першараднае значэнне развіццю прыватнага сектара, у тым ліку праз сістэму мікракрэдытавання». «Банк сфакусіруецца на праектах, якія паляпшаюць умовы жыцця беларускіх людзей. Не — падтрымцы беларускай цэнтральнай улады: ніякай падтрымкі, фінансавай або тэхнічнай, не будзе аказана беларускім уладам ніякім спосабам», — падкрэсліваецца ў паведамленні.

У адпаведнасці з перагледжанай стратэгіяй ЕБРР адмаўляецца ад запланаваных інвестыцый у праекты ў дзяржаўным энергетычным сектары, у тым ліку адносна аднаўляльных крыніц энергіі, і ў сферы транспартнай інфраструктуры.

Умовы іншых запланаваных праектаў — у прыватнасці, крэдытаванне дзяржбанкаў і перадпрыватызацыйная падтрымка — таксама сталі больш жорсткімі і будуць разглядацца на падставе названых крытэрыяў.

«ЕБРР працягвае заклікаць беларускія ўлады да прагрэсу на шляху дэмакратычных і рыначных рэформ у адпаведнасці з узятымі на сябе абавязацельствамі па артыкуле 1 Пагаднення аб заснаванні ЕБРР. Палітычнаму дыялогу з уладамі будзе нададзена асноўная ўвага. У наступным аглядзе, 2012 года, савет ЕБРР падвядзе вынікі палітычнага і эканамічнага развіцця, і будзе мець магчымасць зноў разгледзець адпаведную карэкціроўку сваёй стратэгіі», — адзначаецца ў паведамленні.

Дзейная стратэгія супрацоўніцтва ЕБРР з Беларуссю была прынята ў снежні 2009 года. Аднак у снежні 2010 года кіраўнік беларускага прадстаўніцтва ЕБРР Валдас Віткаўскас заявіў пра магчымую карэкціроўку стратэгіі ў сувязі з падзеямі пасля прэзідэнцкіх выбараў.

Ён адзначыў, што краінавая стратэгія прымаецца кожныя тры-чатыры гады, але пры гэтым штогод, звычайна вясной, можа адбывацца «карэкціроўка дэталяў». «Канешне, бываюць сітуацыі, падзеі буйнога маштабу, якія патрабуюць неадкладных дзеянняў з нашага боку», — сказаў тады Віткаўскас.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?