Інфляцыя б’е рэкорды. Цэны на большасць прадуктаў харчавання, спажывецкія тавары і паслугі выраслі, кашалькі апусцелі. Але і гэта не край. Што і наколькі падаражэе яшчэ ў найбліжэйшай будучыні?

Мяса есці будзем у святы?

Цэны на мяса падымаюцца ад 25 мая. Паводле пастановы Міністэрства эканомікі ад 27 красавіка 2011 № 65 «Аб цэнах на сацыяльна значныя тавары і прызнанні страціўшымі сілу некаторых пастановаў Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь» гранічныя максімальныя адпускныя цэны на ялавічыну тушамі павялічваюцца на 10%, свініну тушамі — на 8%.

Павелічэнне адпускных цэнаў на дадзеную катэгорыю мясной прадукцыі ініцыяваў Мінсельгасхарч «у сувязі са значным ростам закупачных цэнаў на буйную рагатую жывёлу і свіней».

Гэтай жа пастановай Мінэканомікі прадугледжвае захаванне рэгулявання лімітавых максімальных адпускных цэн на некаторыя прадукты.

Гэта хлеб жытні, хлеб жытне-пшанічны, батоны і перапечкі з пшанічнай мукі няздобныя разважваннем 300 грамаў і больш; малако каровіна пастэрызаванае і кефір з каровінага малака тлустасцю да 3,5% уключна, смятана тлустасцю да 25% уключна, тварог тлустасцю да 9% уключна, без смакавых дабавак і напаўняльнікаў; мяса (ялавічына і свініна).

Узровень гранічных максімальных адпускных цэнаў на названыя віды хлебабулачных тавараў, малака і малочных тавараў захаваны на цяперашнім узроўні. Лімітавыя адпускныя цэны на ялавічыну складуць 13 064 рублі за 1 кг, свініну першай і другой катэгорыі — 10 409 рублёў за 1 кг, свініну трэцяй катэгорыі — 9 720 рублёў за 1 кг.

Цэны на імпартныя лекі павялічацца адпаведна росту курсу даляра

Пастаўшчыкі лекаў фармуюць цэны на аснове ўказа № 366 ад 11 жніўня 2005 «Аб фармаванні цэнаў на лекавыя сродкі, вырабы медыцынскага прызначэння і медыцынскую тэхніку».

Імпарцёры ў адзін голас кажуць, што цана медыкаментаў, па якой яны пастаўляюць іх у аптэкі, залежыць ад курсу даляра, і кожная новая закупка будзе адбывацца ў адпаведнасці з афіцыйным курсам даляра, усталяваным Нацбанкам.

Гэта значыць, што калі сёння ўпакоўка лекаў каштуе 30 тысяч, то тыя ж лекі з новай партыі праз нейкі час будуць каштаваць ужо каля 50 тысяч.

Як адзначыў прадстаўнік аднаго з дыстрыб’ютараў, неабходна мець на ўвазе, што медыкаменты не завозяцца так часта, як прадукты харчавання. Гэта тавар не штодзённага попыту і мае вялікі тэрмін прыдатнасці. Кожная партыя праходзіць унутраны лабараторны кантроль. Гэта азначае, што лекі не прадаюцца на наступны дзень пасля пастаўкі ў краіну. Так што, хутчэй за ўсё, цэннікі ў аптэках на імпартныя лекі абновяцца не раней чым праз некалькі тыдняў.

Дарэчы, інфармацыю аб тым, што Міністэрства аховы здароўя дырэктыўна стрымлівае рост цэнаў да нейкай вызначанай лічбы, ні пастаўшчыкі, ні само Міністэрства аховы здароўя не пацвярджаюць.

Даражэе праезд у чыгуначным транспарце

Ад 25 мая падвышаецца цана міжнароднага праезду чыгуначным транспартам. Праезд у краіны СНД і Балтыі «павысіцца адэкватна павышэнню курса швейцарскага франка, у заходнім кірунку — адэкватна змене курсу еўра», паведаміў начальнік аддзела пасажырскай службы Беларускай чыгункі Уладзімір Столяр. Пры гэтым ён адзначыў, што цэны ўнутрырэспубліканскіх перавозак не змяняюцца.

Паводле словаў Уладзіміра Столяра, з краінамі СНД і Балтыі падпісанае пагадненне аб міждзяржаўных чыгуначных тарыфах. Згодна з гэтым дакументам чыгуначная адміністрацыя краіны мае права самастойна ўсталёўваць каэфіцыенты да тарыфаў на білеты і плацкарт. 95% аб’ёму пасажырскіх перавозак з Беларусі прыпадае на злучэнне з Расіяй і Украінай. Апошні раз тарыфы ў злучэнні з Расіяй падымаліся 1 студзеня 2011.

Праезд у гарадскім транспарце пакуль даражэць не будзе?

У «Мінсктрансе» кажуць, што цэны яны не падвышаюць, а робяць гэта па рашэнні Мінгарвыканкама. Пры гэтым у «Мінсктрансе» сцвярджаюць, што само пытанне аб падвышэнні платы за праезд не ўзнімалі і не ведаюць, калі і на колькі можа быць падвышаная цана праезду.

Сёння тарыф на адну паездку ў грамадскім транспарце Мінска складае 850 рублёў. Дзейнічае з 2 красавіка гэтага года.

Аднак ужо вырасла цана праезду ў маршрутках.
Перавозчыкі аператыўна адрэагавалі на чарговае падвышэнне кошту паліва і на шматлікіх кірунках павялічылі тарыф на 200 рублёў да 2700 рублёў за паездку. Гэта верхняя планка, усталяваная для перавозчыкаў Мінгарвыканкамам яшчэ ў красавіку.

Цана знаходжання ў дзіцячых садах пакуль не зменіцца

Сёння за знаходжанне дзіцяці ў дзіцячым садзе бацькі плацяць каля 60 тысяч у месяц. Як расказалі Naviny.by ў Камітэце па адукацыі Мінгарвыканкама, гэтая сума пакрывае 40% выдаткаў на харчаванне дзіцяці. Астатняе, у тым ліку педагагічныя паслугі — за кошт дзяржавы. Асобна бацькі аплачваюць дадатковыя заняткі (гурткі, харэаграфію і г.д.).

Грашовая норма, якая выдаткоўваецца на харчаванне дзіцяці ў садку — фіксаваная і змяняецца, як паказвае практыка, раз на год. Такім чынам, можна выказаць здагадку, што прынамсі найбліжэйшым часам рост цэнаў на прадукты харчавання на цане знаходжання дзіцяці ў садку не адаб’ецца. Аднак можна выказаць здагадку, што некаторыя змены могуць адбыцца ў дзетсадаўскім меню. Раней дзяцей часта кармілі грэчкай…

У ВНУ пакуль старыя цэны

А вось цана навучання ў ВНУ, відавочна, у хуткім часе зноў вырасце.

«Калі будуць расці цэны на тавары і паслугі, то будуць расці цэны і на адукацыйныя паслугі. Гэта відавочна, — казаў у сярэдзіне мая міністр адукацыі Сяргей Маскевіч. — Цяпер я не бачу падставаў для павышэння цэн ВНУ. Паколькі асноўным фактарам, які вызначаў бы магчымасць змянення цэн на адукацыйныя паслугі, — гэта змена стаўкі першага разраду, якая цягне за сабой змяненне выдаткаў на аплату працы выкладчыкаў ВНУ. Такіх планаў няма, а значыць, і падставаў для змен памераў аплаты няма».

З гэтага адказу можна выказаць здагадку, што плата за навучанне ўсё ж павялічыцца, толькі пазней. У саміх жа ВНУ адзначаюць, што ў сённяшніх умовах нельга з упэўненасцю казаць пра тое, што будзе заўтра, не тое што ў новым навучальным годзе.

Калі ацэньваць кошт навучання ў даляравым эквіваленце, то праз падзенне курсу рубля яно нават патаннела.
Напрыклад, плаціў студэнт Медуніверсітэта ў год 5 430 000 рублёў. Яшчэ на мінулым тыдні гэта было каля 1 750 даляраў, сёння — 1 100 даляраў (калі лічыць па афіцыйным курсе). Па курсе чорнага рынку кошт навучання будзе яшчэ ніжэйшы — крыху больш за 900 даляраў (калі за 1 даляр лічыць не менш за 6000 рублёў). У выйгрышы, праўда, аказваюцца толькі тыя, хто назапашванні на навучанне захоўвае ў валюце.

Мабільныя аператары думу думаюць

Аператар мабільнай сувязі Velcom павысіў цэны на асобныя мадэлі тэлефонаў яшчэ ў канцы красавіка з прычыне таго, што яны закупляюцца за замежную валюту. Тады начальнік аддзела маркетынгу ЗП «Вэлком» Дзіна Цыбульская сказала, што «на паслугі мы пакуль не падвышалі цэны, а наадварот, павялічылі аб’ёмы трафіку».

Цяпер прадстаўнікі кампаній, якія прадстаўляюць паслугі мабільнай сувязі, у адзін голас ад каментароў з нагоды магчымага павышэння цэнаў адмаўляюцца.

Што будзе з квартплатай?

Урад Беларусі не выключае магчымасці яшчэ аднаго павелічэння ў гэтым годзе кошту паслуг ЖКГ.

«Думаю, у гэтым годзе яны павялічацца на 5–7 даляраў, хоць не выключана, што гэта павелічэнне будзе меншым», — заявіў віцэ-прэм’ер Беларусі Анатоль Калінін 8 красавіка.

У лютым гэтага года ўжо адбылося павелічэнне тарыфаў на паслугі ЖКГ на 5 даляраў, у тым ліку 4 даляры забяспечыў прырост кошту паслуг па лініі Мінэнерга, 1 даляр — па ўсіх астатніх паслугах ЖКГ. Нагадаем, раней Аляксандр Лукашэнка даручаў не падымаць тарыфы на ЖКГ больш як на 5 даляраў за год. «Калі вы бачыце, што дзесьці нам трэба пасунуць, аж да непапулярных камунальных паслуг, то адпаведныя рашэнні могуць быць прынятыя, але ў вас ёсць 5 даляраў», — казаў Лукашэнка 18 студзеня на нарадзе з чальцамі ўрада.

Праўда, ён шмат чаго казаў.

Напрыклад,

напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, 17 снежня, Лукашэнка заявіў: «Мы сёння маем дастаткова золатавалютных рэзерваў, прыкладна 6–7 млрд даляраў, каб задаволіць любы попыт на валюту. Нам няма неабходнасці сёння дэвальваваць нацыянальную валюту. Пра гэта казаў і старшыня Нацыянальнага банка, і я не аднойчы заяўляў пра гэта. Таму трэба супакоіцца і жыць, спакойна глядзець у будучыню.
А яна, як мне здаецца, у перспектыве нядрэнная».

16 красавіка Лукашэнка абяцаў «выраўнаць» сітуацыю на валютным рынку на працягу некалькіх дзён.

«Сёння-заўтра-паслязаўтра мы выраўнаем сітуацыю па валюце. Але вы на мяне не крыўдуйце. Курс — гэта справа некалькіх дзён, трэба, можа быць, тыдзень»
, — сцвярджаў ён, адказваючы на пытанні журналістаў падчас рэспубліканскага суботніка.

Як выраўнавалі курс, мы ведаем. І ведаем, якія вынікі ў такой палітыкі.

Што пасеялі, то і жнем

Пры павелічэнні цэнаў зніжаецца ўзровень заробкаў і іх адносіны да даляра.

«Заробкі, якія мы маем і іх суадносіны з цэнамі — гэта тое, што можа дазволіць на сёння наша эканоміка, — сказаў Naviny.by эканаміст Сяргей Чалы. — 

Мы ўвесь час рабілі выгляд, што яна ў нас значна больш эфектыўная, што развіваецца лепш, чым у нашых суседзяў. Між тым адбывалася праяданне будучыні з павелічэннем замежных пазыкаў і выкарыстаннем іх для фінансавання бягучага балансу».

Цяпер зарплаты падыходзяць да ўзроўню, які паказвае, наколькі эфектыўная наша эканоміка

, лічыць эксперт. Ён кажа, што ўсё астатняе «было маскіроўкай з прыцягненнем спецэфектаў». Узнікае пытанне, чаму эканоміка выявілася такой неэфектыўнай. Гэтае пытанне можна адрасаваць тым, хто праводзіў гэтую палітыку, кажа Сяргей Чалы.

«

Сістэма працавала, пакуль умовы гандлю энергарэсурсамі з Расіяй былі выгаднымі.
Як толькі яны пагоршыліся, тады праблема і пачала назапашвацца. Цяпер вось усё і выбухнула», — сказаў Чалы.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?