У часы зухаватых скокаў курсу беларускага рубля і панікі, што запоўніла краіну, беларусам застаецца толькі скупляць у крамах рэшткі бытавой тэхнікі і прадуктаў ці пасмейвацца з рэзка высахлай пакупніцкай здольнасці сваіх суайчыннікаў.

Валютная біржа па версіі generation.by

Валютная біржа па версіі generation.by

99% жыхароў Зямлі думае, што гэта гераін. І толькі беларусы бачаць на малюнку соль.

99% жыхароў Зямлі думае, што гэта гераін. І толькі беларусы бачаць на малюнку соль.

Інтэрнэт-карыстальнікі не ўпусцілі магчымасці паздзекавацца з фінансавага хаосу, які натхніў на стварэнне тэматычных дэматыватараў, фотажабаў, жартаў, а часам і проста «вымоўных» фатаграфій.

Хтосьці нават параўнаў Беларусь са славацкай Браціславай у тым выглядзе, у якім гэты горад убачылі амерыканцы ў камедыі «Еўратур».

Па сюжэце, група амерыканскіх падлеткаў, падарожнічаючы па Еўропе, выпадкова забрыла ў Браціславу, у якой настолькі «высокі» ўзровень жыцця, што чыгунку і вакзал «ужо пачалі будаваць». У кішэні ў хлопцаў каля двух даляраў на ўсіх, але высветлілася, што замежная валюта ў Славакіі цэніцца так высока, што афіцыянт, які атрымаў 5 цэнтаў чаявых, не вагаючыся звольніўся, каб адкрыць уласны гатэль… Такім чынам, за свае два даляры падлеткі здолелі шляхетна адпачыць у еўрапейскай сталіцы.

Сакрэтная (а цяпер ужо і афіцыйная) дэвальвацыя зрабілася музай для многіх беларускіх карыкатурыстаў і аматараў фоташопу, а старшыня Нацыянальнага банка Пётр Пракаповіч і беларускі рубель сталі галоўнымі героямі байнэту.

Свой комікс прыдуманы і для такой стрэмкі ў беларускай эканоміцы, як абяцанне Расіі даць Беларусі выратавальны крэдыт.

Ды і сама дэвальвацыя не засталася без увагі, як, зрэшты, і дэфіцыт валюты, чэргі ў абменніках, у банкаматаў і збядненне беларускага люду.

А мяшкі грэчкі нават прапаноўваюць выкарыстоўваць у якасці незвычайнага, дэфіцытнага і зусім нятаннага падарунка на вяселле.

З ростам цэнаў найбольш папулярнымі ў байнэце сталі фотаздымкі з крамаў. Часам ствараецца ўражанне, што карыстальнікі сацыяльных сетак, блогаў і мікраблогаў спаборнічаюць у пошуках самай высокай цэны на прадукты харчавання. Пакуль усе рэкорды б’е маліна, бо за кілаграм вырашчаных у Нідэрландах ягад у некаторых месцах просяць больш за 360 тысяч рублёў.

Свежыя садавіна і гародніна, грэчка імкліва наганяюць маліну, але, на шчасце, у іх гэта пакуль не так добра атрымліваецца.

А вось кава ўжо зусім-зусім блізка і, мабыць, цішком пасмейваецца з «ломкі» каваманаў, якія былі вымушаныя адмовіцца ад гэтага напоя.

Не менш далікатэсным робіцца і імпартны шакалад, які, як жартуюць у інтэрнэце, з «выказвання падзякі» хутка ператворыцца ў сапраўдны хабар.

Аднак дарагія тавары — гэта толькі палова праблемы. Нашмат горш, калі тавараў на прылаўках у прынцыпе няма. Хоць у гэтым вінаватыя ў асноўным самі беларусы, якія ладзяць масавыя набегі то на кураціну, то на свініну, то на мэблю і бытавую тэхніку.

У дэфіцыце апынулася нават соль. Хоць незразумела, навошта купляць яе па некалькі кілаграмаў… Гэткі па-беларуску вытанчаны спосаб самагубства? Ці мы таемна рыхтуемся да вайны і запасаемся «хадавым» таварам?

Практычна цалкам вычышчаныя і крамы бытавой тэхнікі. Карыстальнікі твітэра дапускаюць, што «за пару тыдняў Беларусь выйшла на першае месца ў свеце па колькасці лядоўняў на 1000 хатніх гаспадарак».

Хоць на Беларусь ужо абрынулася дэвальвацыя, яшчэ зусім нядаўна прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч казаў пра магчымую рэвальвацыю. Блогер Яўген Ліпковіч адрэагаваў на гэтае выказванне апытаннем сярод карыстальнікаў ЖЖ на тэму «Каго б вы хацелі бачыць новым прэм’ерам нашай краіны?». На дадзены момант у апытанні ўзяло ўдзел больш за 350 чалавек, а па выніках упэўнена лідзіруе доктар Хадоркін. Мабыць, на яго беларусы ўскладаюць апошнюю надзею ў лекаванні беларускай эканомікі.

Найбліжэйшыя супернікі Хадоркіна — Люся Лушчык, Аляксандр Саладуха і Ксенія Сітнік. Яны, мабыць, плануюць супакойваць беларусаў спевамі. Як бы не атрымалася зваротнага эфекту…

Хочацца верыць, што хутка ў Беларусі нарэшце наступіць «светлая будучыня», якой амаль за сто гадоў пошукаў так ніхто і не бачыў. Але Google робіць іншыя прагнозы, як бы намякаючы на вычарпальнасць беларускага аптымізму, паніку і страх.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?