Аляксандр Лукашэнка расказаў інтымныя падрабязнасці свайго жыцця, адказваючы на пытанне студэнткі Еўразійскага нацыянальнага універсітэта (ЕНУ) у Астане 25 траўня.

«Калі ў мяне пытаюцца, як прэзідэнт спіць, то я кажу, што, можа, вы яшчэ спытаеце, з кім спіць? Я вам адкажу. З тэлефонамі. Тэлевізар, тэлефоны… Проста ў спальні на тумбачках. А раптам міністру замежных справаў трэба тэрмінова вырашыць пытанне. Ну, ён нячаста тэлефануе. Можа, такіх надзвычайных пытанняў не было. А міністр абароны? Ты галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі. А не дай бог, здарылася, як у нас у метро апошнім часам?», — падзяліўся падрабязнасцямі прэзідэнцкага графіка Лукашэнка.

Менавіта ў такіх выпадках роля прэзідэнта, на яго думку, выходзіць на першы план, і кіраўнік краіны павінен без ваганняў «ісці, не баючыся, што цябе могуць застрэліць ці ты можаш кудысьці трапіць, у нейкую сітуацыю». «Таму няма гэтага звыклага графіка, звыклага для людзей», — сказаў на заканчэнне ён.

Працоўны дзень Лукашэнкі, па яго ўласных словах, пачынаецца з тэлефонных перамоваў, дакладаў падначаленых, прагляду навін і аналізу друкаваных СМІ. Усё гэта працягваецца да поўдня.

«Асабліва цяпер для мяне гэта вельмі важна.

Бразгочуць з усходу-захаду кожны дзень. Вось такая завіруха», — панаракаў Аляксандр Лукашэнка.

А далей па графіку пачынаюцца нарады з удзелам кіраўніка дзяржавы. Яны, па словах Лукашэнкі, праходзяць «з 12-ці і да ўпору, да чатырох, да пяці». «Гэта святое, дзе я завязаны на людзей», — расказаў кіраўнік Беларусі аб сваёй нялёгкай працы.

Пасля публічных мерапрыемстваў прэзідэнт Беларусі ў сваёй загараднай рэзідэнцыі прымае «нейкіх бізнэсоўцаў, нейкіх сяброў, ворагаў».

«У гэтай звычайнай завірусе трэба знайсці час, каб патрэніраваць хакейную каманду.
Даводзіцца знаходзіць час, каб займацца спортам, дзесьці секчы дровы, гэта таксама фізічныя практыкаванні, касіць траву, гэта таксама вельмі карысна, хто з вёскі, мяне падтрымае, бегаць на лыжах, лыжаролерах. А яшчэ ў мяне ж сем гадоў хутка пацанёнку будзе, мне ж яго трэба навучыць усяму гэтаму», — з усмешкай расказаў пра бацькоўскія абавязкі Лукашэнка.

А завяршыў ён сваё апавяданне запрашэннем у Беларусь студэнткі, якая задала пытанне.

Яе чакаюць касьба, рубка дроваў і іншыя фізічныя практыкаванні ў кампаніі з Аляксандрам Лукашэнкам. А пасля купанне ў возеры.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?