Што мы ўсё пра палітыку ды пра палітыку.

Вось вы спытаецеся — пры чым творчасць рэжысёра Нікіты Міхалкова, чыя публічная дзейнасць чым далей, тым выклікае больш нейкую няёмкасць і жаданне пачырванець, да Беларусі?

У ягоным апошнім фільме, «Стомленыя сонцам» ці то « — 2», ці то « — два з паловай», да агульнага шэрага ўражання (праўда такі лепшага, чым ад папярэдняй часткі гэтага двухсерыйнага працяга знакамітага фільма) фінальны элемент для таго, каб раздражніцца, дадала апошняя сцэна, з Іннай Чурыкавай у ролі старой жанчыны і з звар’яцелым нямецкім жаўнерам-рэгуліроўнікам.

Чурыкава грае беларускую бабу — у беларускім строі ды на фоне недвухсэнсоўных нямецкіх дарожных шыльдаў з надпісамі «Neswesh» і — ў сумніўным для немцаў у 1944 г. правапісе — «Novogrudok». Баба гэтая, у адпаведнасці з даўняй савецкай традыцыяй, размаўляе на чысцюткай маскоўскай расійскай мове,
прыпраўленай дзеля каларыта лёгкімі р’язанскімі інтанацыямі «ехайте, сынки, скольк' там астал’сь немцев-та». Нонсэнс для заходняга кіно, на ўзроўне таго, каб рыцары караля Артура размаўлялі б пранонсам бруклінскіх габрэяў — і я не пабаюся вучыць Нікіту Міхалкова здымаць кіно.

Лішне казаць, што як большасць акупаваных савецкіх тэрыторый складалі Беларусь і Ўкраіна, так і большасць у рэальных аналагах «чорнай пехоты», якая грае ў фільме важную ролю, складалі нашы землякі і ўкраінцы. Паводле фільма, «чорная пехота» — атрады з няўзброеных і не ўніфармаваных людзей, якія былі мабілізаваныя з вызваленых з-пад акупацыі тэрыторый і выкарыстоўвалася ў якасці «гарматнага мяса».

Мой уласны прадзед пагінуў пад Варшавай у 1944 годзе праз невялікі час пасля мабілізацыі з занятага саветамі Заходняга Палесся. Абставіны дазвалаюць падазраваць, што і там ледзьве ўзброеных жаўнераў з «недобранадзейнага» насельніцтва, якое мела магчымасць параўноўваць савецкіх акупантаў з нацысцкімі, кідалі на нямецкія кулямёты, не зважаючы на магчымыя ахвяры.

Беларускія гістарычныя рэаліі выкарыстоўваюцца Міхалковым (свядома ці несвядома) для развагаў пра расійскі лёс, для пабудовы расійскага нацыянальнага сюжэта.
Атрымліваецца сфальсіфікаваны псеўдагістарычны вобраз пра псеўдарасейцаў. Беларусам ад гэтага нічога не зробіцца, а ў расійскай мэтавай аўдыторыі ствараюцца міфы і скажоная гістарычная карціна.
І не трэба спасылацца пра нібыта агульны гістарычны лёс: што-што, а Другая сусветная для беларусаў і для расійцаў была суцэльна рознаю.

Хтосьці закліча не чапляцца да дробязяў, але я лічу, што да такіх рэчаў, як безгустоўнасць ці ігнараванне гістарычных фактаў талерантнымі быць нельга. Асабліва, што тычыцца адсутнасці беларускага акцэнта ў Чурыкавай, калі такія рэчы (таксама ўзгадайма кінашэдэўр ад так званай Саюзнай дзяржавы, нядаўні фільм «Брэсцкая крэпасць») працуюць на тое, каб праз якіх трыццаць гадоў, калі адамрэ апошняе пакаленне натуральных вясковых небілінгвальных беларускамоўных, нам не давялося даказваць беларускім дзецям, што на беларускай мове сапраўды калісь масава размаўлялі ў побыце.

***

Сімптаматычна, што з 1994 г. — з тых самых першых оскараўскіх «Стомленых сонцам» — Міхалкоў, на маю думку, не зняў ніводнага фільма, які мог бы заслужыць хвалебныя рэцэнзіі, як яго папярэдняя творчасць.

«Сібірскі цырульнік» быў нейкай буйнамаштабнай фалклорна-турыстычнай клюквай, папярэднікам працяга «Стомленых сонцам» у плане пампезнасці і растраты грошай падаткаплацельшчыкаў, і нашчадкам савецкіх інтурыстаўскіх «Прыгодаў італійцаў у Расіі» у плане відавочнай нацэленай на замежніка стэрэатыпізацыі і замілаванага спрашчэння вобраза краіны.

«12» апынуўся чарговым маніфестам прафаннай міхалкоўскай нацыяналістычнай кансерватыўнасці з еўразійскім душком — пры гэтым па іроніі будучы рымейкам амерыканскага фільма 50-гадовай даўніны.

Запомніўся, канечне ж, «55», тэлевізійны дыфірамб Уладзіміру Пуціну на дзень нараджэння. У апошнім выпуску свайго дзіваватага відэаблога рэжысёр кажа, што ніколі не здымаў падхалімскіх фільмаў для ўлады, але ацаніце самі:

У актыў Міхалкову за гэтыя амаль дваццаць гадоў я заношу толькі серыял пра лёсы расійскай белай эміграцыі — «Расійцы без Расіі» (згаданы мною тут).

***

Так, і яшчэ цікавая дробязь пра Міхалкова і Беларусь: Міхалкоў вядзе свой род ад чалавека па імені Міхалка Іванавіч, які ў пачатку 15 стагоддзя выехаў у Масковію з Вялікага княства Літоўскага. Дробязь, а… нічога не значыць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?