У панядзелак 30 мая Марыне Адамовіч дазволілі першае спатканне з мужам, экс-кандыдатам на пасаду прэзідэнта Міколам Статкевічам. Спатканне ў СІЗА КДБ доўжылася тры гадзіны.

Вось што Марына расказала па выхадзе з ізалятара. «Першы раз пабачыліся, калі не лічыць суда. Размова хаатычнай троху была. Самі разумееце, колькі ўсяго трэба перагаварыць.

Мікола малайчынка. Добра выглядае, у добрым настроі. Расказаў пэўныя рэчы пра напад на калону дэманстрантаў, калі збілі Някляева. Пра атрыманыя траўмы: яны выявіліся нашмат больш сур’ёзнымі, чым раней меркавалася. У яго былі моцна разбітыя рукі, бо бараніў галаву аднаму худзенькаму хлопцу.

Казаў, якія ў яго былі матывы для распачынання галадоўкі. Гэткім чынам ён выступаў супраць фальсіфікацый выбараў, збіцця людзей і паслявыбарчых рэпрэсій.

Дарэчы, усё тое, што пісаў пра Статкевіча ў сваім аповедзе Зміцер Дашкевіч апынулася праўдай. Сукамернікі вельмі добра да яго паставіліся, саступалі месца. Натуральна, што іх спрабавалі прэсаваць. Ціснулі на тое, што Мікола не курыць, а яны кураць.

Казалі, што ўсім забароняць. „Нічога, здаравей будзем“, — адказвалі яны. Абяцалі пераварочваць днём ложкі. Будзем хадзіць, казалі хлопцы. Людзі паводзілі сябе вельмі прыстойна.

У мяне зараз ідзе стварэнне адной такой мазайкі, бо шматлікія гісторыі ўжо чула ад сваякоў іншых арыштаваных, калі дасылала перадачкі. Не ведала толькі, што гэта было з Міколам.

Спадзяецца, што ў турме ён ненадоўга. Кажа, што ва ўлады няма грошай на дыктатуру.

Наконт катаванняў, то спрабавалі. Былі ператрусы, вадзілі ў пакой унізе. Але кажа, што яму гэта было смешна. Была спроба шантажу і адносна сваякоў. Казалі, што іншыя вязні ўжо далі паказанні. Ціснулі на пачуццё віны за іншых арыштаваных сябраў каманды. Але не на таго яны нарваліся.

Кажа, што Дзмітрыя Уса шкада. Далі яму столькі за тое, што прыстойна сябе павёў. Пра хлопцаў, з якімі праходзіў па справе, гаворыць, што яны заходзілі на працэс прыгнечанымі, а выходзілі з упэўненасцю, што яны не адны».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?