Устаноўлена дачыненне абвінавачаных у тэракце ў мінскім метро да 14 злачынстваў з 2000 па 2011 год. Пра гэта, як перадае дзяржаўнае агенцтва БелТА, паведаміў 31 мая намеснік генпракурора Андрэй Швед.

Злачынствы былі здзейсненыя ў адным з мікрараёнаў Віцебска ў асноўным з ужываннем самаробных выбуховых прыладаў. Следства збірае неабходныя доказы для завяршэння расследавання гэтых фактаў і для прад’яўлення абвінавачвання ва ўчыненні злачынстваў.

Паводле Шведа, устанаўліваюцца прычыны і ўмовы, якія дазволілі абвінавачваным такі доўгі час здзяйсняць злачынствы. Намеснік генпракурора заявіў, што гэта адбылося пры папушчальніцтве службовых асоб праваахоўных органаў, бяздзейнасці мясцовых уладаў, службаў ЖКГ, аховы здароўя, адукацыі, пры поўнай абыякавасці суседзяў, блізкіх, аднакласнікаў, аднагрупнікаў, якія ведалі аб тым, што абвінавачваныя маюць схільнасць да вырабу самаробных выбуховых прыладаў, выбухаў і падпалаў. «Ніхто пра гэта належным чынам дзяржаўныя органы або не інфармаваў, альбо дзяржорганы не прымалі належных мер да таго, каб спыніць іх злачынную дзейнасць», — канстатаваў Швед.

***

Нагадаем, як паведаміў Андрэй Швед журналістам 29 красавіка, па факце выбуху ў мінскім метро абвінавачванне ў тэрарызме (ч. 3 арт. 289 КК) прад’яўлена двум грамадзянам Беларусі. Аднаму з іх таксама прад’яўленае абвінавачванне ў здзяйсненні тэрактаў 14 і 22 верасня 2005 года ў Віцебску і ў ноч з 3 на 4 ліпеня 2008 года ў Мінску.

Андрэй Швед заявіў, што ў 2009 годзе ў праваахоўных органаў ужо мелася магчымасць выкрыць злачынцу, які здзейсніў тэрарыстычны акт у 2008 годзе ў Мінску. Аднак з-за халатнасці службовых асоб гэтага зроблена не было. Гаворка ідзе аб тым, што абвінавачаны не быў дактыласкапіравана падчас прызыву ў войска. Па факце халатнасці ўзбуджаная крымінальная справа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?