У 1959 годзе ААН прыняла Дэкларацыю правоў дзіцяці, а ў 1989 годзе Генеральная асамблея ААН зацвердзіла Канвенцыю аб правах дзіцяці, якую падпісала 191 краіна. Гэты дакумент з’яўляецца адным з прызнаных міжнародных пагадненняў па правах чалавека.

Канвенцыя стала адным з першых міжнародных актаў, да якіх далучылася суверэнная Рэспубліка Беларусь, — гэта адбылося ў 1991 годзе. На аснове канвенцыі ў 1993 годзе быў прыняты закон «Аб правах дзіцяці» — першы такі дакумент у краінах СНД. Беларусь таксама далучылася да факультатыўных пратаколаў Канвенцыі аб правах дзіцяці, што тычацца ўдзелу дзяцей ва ўзброеных канфліктах, гандлю дзецьмі, дзіцячай прастытуцыі і дзіцячай парнаграфіі.

Паводле звестак Белстата,

колькасць дзяцей за апошнія дзесяць гадоў зменшылася на 654 тысячы чалавек. На пачатак 2011 года ў Беларусі пражывалі 1. 737,4 тысячы дзяцей.

Штогод у Беларусі выяўляецца больш як тры тысячы дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Па стане на студзень 2011 года ў краіне налічвалася 34.678 дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. З іх каля 19% выхоўваюцца ў дзіцячых інтэрнатных установах і звыш 54% — атрымліваюць альтэрнатыўны сямейны догляд (апека, прыёмная сям’я, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу).

У інтэрв’ю БелаПАН намеснік прадстаўніка Дзіцячага фонду ЮНІСЕФ у Беларусі Ірына Чуткова звярнула ўвагу на актуальнасць выканання рэкамендацый Камітэта ААН па правах дзіцяці.

Гэтыя рэкамендацыі былі зроблены па выніках разгляду ў пачатку 2011 года даклада Рэспублікі Беларусь аб ажыццяўленні палажэнняў Канвенцыі ААН «Аб правах дзіцяці» і пратаколаў да яе.

Камітэт, у прыватнасці, рэкамендаваў беларускаму ўраду працягваць працаваць па прывядзенні нацыянальнага заканадаўства ў адпаведнасць з палажэннямі Канвенцыі, у прыватнасці, у сферы папярэджання жорсткага абыходжання і насілля ў адносінах да дзяцей, стварэння ўмоў для максімальна магчымага развіцця патэнцыялу дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і інтэграцыі іх у грамадства і іншых сферах.

«Эканамічныя цяжкасці і алкагалізм з’яўляюцца аднымі з ключавых фактараў, што вядуць да распаду сям’і, трапляння дзіцяці ў сітуацыю адсутнасці бацькоўскага клопату, грэбавання інтарэсамі дзіцяці, жорсткага абыходжання, — зазначыла Чуткова.

ЮНІСЕФ лічыць неабходным стварэнне ў Беларусі сістэмы ювенальнай юстыцыі. У працы з дзецьмі, якія ўступілі ў канфлікт з законам, акцэнты павінны быць змешчаныя з карных на выхаваўчыя і рэабілітацыйныя меры, растлумачыла прадстаўнік Дзіцячага фонду.

Апрача таго, зазначыла яна, трэба актыўна развіваць інтэграванае навучанне дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і ствараць безбар’ернае асяроддзе.

Зараз у Беларусі на базе звычайных школ створаны 222 спецыяльныя класы, 5.634 класы інтэграванага навучання, а таксама 1.368 пунктаў карэкцыйна-педагагічнай дапамогі.

Паводле слоў прадстаўніка ЮНІСЕФ, „цяжкая эканамічная сітуацыя ў краіне можа паставіць пад сумненне гэтыя планы“. Пры гэтым яна ўказала на стабільнасць створанай у Беларусі сістэмы сацыяльнай, медыцынскай і педагагічнай падтрымкі.

Як бы там ні было, дзяржаве важна захаваць сістэму аховы дзяцінства і кадры, падкрэсліла Чуткова.

Праблема недахопу медыцынскіх, педагагічных работнікаў у Беларусі, асабліва ў сельскай мясцовасці, ужо адчуваецца. Выключаць, што яна ў цяперашняй сітуацыі яшчэ больш узмоцніцца, нельга, таму што з у лікам невысокіх зарплат і росту цэн кадры будзе ўтрымліваць усё цяжэй», — зазначыла спецыяліст.

Са свайго боку ЮНІСЕФ мае намер «максімальна актывізаваць намаганні па прыцягненню дадатковых донарскіх сродкаў для рэалізацыі ў Беларусі праектаў у інтарэсах дзяцей», запэўніла Ірына Чуткова.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?