Тым часам у Грузіі ўчора парламент адзінагалосна прыняў «Хартыю Свабоды».

Дакумент прадугледжвае люстрацыю ў дачыненні да былых савецкіх спецслужбоўцаў, партыйнай і камсамольскай вярхушкі. Не-не, іх не расстраляюць і не пасодзяць у турмы, як гэта хацелі б прадставіць некаторыя нашы дамарошчаныя савецкія патрыёты — ім проста забараняецца працаваць у парламенце і ўрадзе, займаць высокія пасады ў сілавых службах і адукацыі, быць суддзямі. Хай займаюцца прыватным бізнесам, законна багацеюць сабе на здароўе і падымаюць эканоміку краіны.

Люстрацыя — неабходны працэс ачышчэння дзяржаўнага апарата ад носьбітаў таталітарных метадаў кіравання і ідэалогіі.

Маецца прамая карэляцыя паміж правядзеннем люстрацыі і паспяховасцю дэмакратычнай трансфармацыі краіны: хто быў паспяховы, у таго была люстрацыя.

Таксама Хартыя забараняе публічнае выкарыстанне савецкай і нацысцкай сімволік.

У дачыненні да забароны таталітарнай сімволікі ў мяне дваякае пачуццё.

У Еўропе нацысцкая сімволіка забароненая перадусім у Нямеччыне і Аўстрыі, а таксама ў шэрагу краін Усходняй Еўропы. Агульна-еўразвязаўская забарона свастыкі, прапанаваная немцамі, была адхіленая (бо, напрыклад, гэта таксама і важны індуісцкі рэлігійны сімвал). Савецкая сімволіка забароненая ў шэрагу краін былога камуністычнага блока, у тым ліку ў суседніх з Беларуссю Латвіі, Польшчы і Літоўскай Рэспубліцы.

Не выклікае ані найменшага сумнева, што і ў Беларусі, і ў Расіі незлічоным гарадам «дзяржынскам» і «вуліцам леніна» павінны быць вернутыя іх спрадвечныя назвы,
не звязаныя з таталітарнай савецкай ідэалогіяй. Усе савецкія помнікі-ідалы павінны быць і будуць прыбраныя з цэнтральных плошчаў гарадоў і памешчаныя ў музей, за выключэннем хіба большасці помнікаў Другой сусветнай. Асабісты помнік — гэта перадусім сімвал пашаны, а не проста частка архітэктурнага ансамбля. Ані Ленін, ані Дзяржынскі, ані Калінін пашаны як мінімум не заслужылі.

Савецкая ўлада і камуністычная ідэалогія прынесла Беларусі, Украіне і асабліва Расіі не менш бедаў, чым нацысцкая ідэалогія. Мільёны забітых і прайшоўшых праз ГУЛАГ, знішчаны інтэлектуальны патэнцыял краіны, каштоўнасная і маральная дэградацыя. Камунізм ператварыў Расію ў сыравінны прыдатак развітога света. Сённяшні аўтарытарны рэжым у Беларусі, з савецкім сцягам і савецкім рэпрэсіўным апаратам — прамое, непасярэднае наступства савецкага панавання.

Камунізм нароўне з нацызмам не маюць маральнага права на прысутнасць у беларускай ці расійскай палітыцы.

Пакуль палітбюро нібыта дэмакратычнай беларускай партыі «Справядлівы свет» не будзе хадзіць у першых шэрагах на шэсці на Дзяды — і не будзе асабіста і дэманстратыўна ўдзельнічаць у добраўладкаванні Курапатаў, яна маральнага права ўдзельнічаць у палітыцы таксама не мае, у гэтым маё цвёрдае перакананне.

Але ці варта забараняць публічна вывешваць савецкі сцяг ці хадзіць у безгустоўных гопніцкіх майках з сярпом і молатам?

Мне падабаецца ангельскі ці амерыканскі падыход да справы:

у ЗША і Брытаніі няма законадаўчай забароны на публічную дэманстрацыю ані савецкіх, ані нацысцкіх сімвалаў. Нікому не забароніш быць дурнем
і мець дурныя думкі, і нікому не забароніш прытрымлівацца дурных ідэй кшталту камунізма, нацызма, сацыял-дэмакратыі (жартую) і гэтак далей. Іншая рэч, што як толькі чалавек у ЗША ці Брытаніі паспрабуе свае дурныя ідэі рэалізаваць у жыцці — пайсці біць кагось па нацыянальным ці класавым прызнаку — вось тады ён даведаецца, што даўно быў на ўліку адпаведных службаў, і атрымае па ўсёй строгасці.

Пагатоў

дурных таталітарных ідэалогій і крывавых гістарычных эпохаў зашмат, праслаўляць усіх іх не забароніш.

Калі забаронены Гітлер, чаму не забаронены Сталін? Калі забаронены Сталін, чаму не забаронены Мао? Калі забаронены Мао, ці не забараніць якогась Пятра І ці Івана Жахлівага? Некаторыя прапануюць і прарока Мухамада запісаць у экстрэмісты.

Мабыць мае сэнс часовая забарона, на гадоў 50, пакуль не зменіцца пакаленне і не адамрэ таталітарная савецкая інэрцыя ў галовах людзей. Хаця для змагання з гэтай інэрцыяй

забарона тых ці іншых сімвалаў яўна не з’яўляецца цэнтральнай рэччу.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?