Рэспубліканцы ў палаце прадстаўнікоў кангрэса ЗША адмовіліся ў аўторак ухваліць законапраект аб павышэнні столі дзяржаўнага доўгу краіны на $2,4 трлн без увязкі са значным скарачэннем выдаткаў урада.

Супраць такога кроку выказаліся 318 кангрэсменаў — абсалютна ўсе рэспубліканцы і 82 дэмакраты. Падтрымалі законапраект, які дае дазвол ураду пазычаць яшчэ больш без якіх-небудзь умоваў, за што выступае прэзідэнт Барак Абама, усяго 97 яго аднапартыйцаў. Для праходжання дакумента патрабавалася згода дзвюх трацін чальцоў ніжняй палаты.

Кангрэсмены-дэмакраты, што галасавалі за падыманне столі дзярждоўгу, палічылі такое галасаванне правакацыяй і маніпуляваннем паўнамоцтвамі.

Такі зыход галасавання чакаўся і азначае, што на Белы дом цяпер будзе рабіцца яшчэ больш ціск з боку рэспубліканскай апазіцыі, якая лічыць, што адміністрацыя Абамы праводзіць няправільную фінансавую палітыку.

Рынак аблігацыяў паказаў прыкметы хвалявання з нагоды ліміту запазычанасці. У аўторак казначэйская нота з тэрмінам 10 гадоў працягнула сваё двухмесячнае павышэнне, тым часам як яе прыбытковасць (якая рухаецца акурат у адваротным кірунку) упала да 3,05%. Гэта на 3,57% ніжэй, чым у пачатку красавіка.

На рынку свопаў на дэфолт па крэдыце — гэта грашовыя прадукты, якія мусяць выконваць ролю страхоўкі супраць нявыплаты па аблігацыях, — таргі ішлі даволі слаба і цэны за гадавую пратэкцыю ЗША супраць дэфолту пачалі расці хутчэй, чым доўгатэрміновыя кантракты своп на дэфолт па крэдыце. А гэта значыць, што хтосьці купіў нейкую пратэкцыю, ці робіць спекулятыўную стаўку на мізэрны шанец тэхнічнага дэфолту.

16 траўня ўрад ЗША ўжо дасягнуў столі дзярждоўгу, усталяванага цяпер законам на ўзроўні 14,3 трлн даляраў.

У пачатку мінулага месяца міністр фінансаў Цімаці Гайтнер папярэдзіў заканадаўцаў, што зможа, звяртаючыся да розных бухгалтарскіх хітрыкаў, замарудзіць надыход дэфолту па пазыковых абавязаннях ЗША толькі да 2 жніўня. «Дэфолт прывядзе да катастрафічных наступстваў у эканоміцы»,
 — падкрэсліў ён.

Трывога Мінфіна зразумелая: калі Вашынгтон хоць раз прапусціць выплаты трымальнікам дзяржаблігацый, гэта нанясе каласальны ўдар па крэдытным рэйтынгу краіны. 18 красавіка рэйтынгавае агенцтва Standard & Poor’s ужо перагледзела доўгатэрміновы прагноз па суверэнным доўгу ЗША ў бок пагаршэння — са «стабільнага» на «негатыўны». Яно аргументавала гэта вялікімі сумневамі ў тым, што адміністрацыя і Кангрэс змогуць дамовіцца пра захады па скарачэнні дэфіцыту бюджэту да чарговых прэзідэнцкіх выбараў у лістападзе 2012 г.

Рэспубліканцы заяўляюць, што пагодзяцца падняць столь дзярждоўгу толькі ў тым выпадку, калі Абама возьме на сябе абавязанні па змяншэнні выдаткаў урада. За апошнія некалькі гадоў дэфіцыт бюджэту склаў больш за 1 трлн даляраў, а сёлета перавышэнне выдаткаў над паступленнямі ў казну прагназуецца ў памеры $1,65 трлн.

Барак Абама даручыў віцэ-прэзідэнту Джозэфу Байдэну дасягнуць нейкага кампрамісу з рэспубліканцамі, але перамовы пакуль ідуць беспаспяхова. Апаненты прэзідэнта лічаць, што яго адміністрацыі час перастаць пазычаць і жыць па сродках.

Сёння Абама паспрабуе сам дамовіцца з лідарамі рэспубліканцаў, якіх ён запрасіў на перамовы ў Белы дом.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?