У Летуве разгарэліся жарсьці вакол Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі.

Сойм узяўся за спэцслужбу пасьля трагічнага выпадку ў Берасьці. Памятаеце, там загінуў летувіскі дыплямат, ён жа афіцэр Дэпартамэнту дзяржбясьпекі Пацюнас?

Ухапіўшыся за нітку, парлямэнцкая камісія разматала вялікі клубок.

У выніку сёньня прэзыдэнт Адамкус “выказаў разуменьне, што кіраўнік Дэпартамэнту дзяржбясьпекі Арвідас Поцюс ня можа надалей займаць сваю пасаду” .

Пры гэтым Адамкус зрабіў заўвагу і дэпутатам: маўляў, занадта шмат эмоцыяў! Але, відавочна, у яго не было іншага выйсьця, акрамя як саступіць націску заканадаўчае ўлады.

Паралель зь беларускай сытуацыяй можаце правесьці самі.

Высновы настолькі відавочныя, што і камэнтаваць ня хочацца.

Улазіць у пэрыпэтыі скандалу вакол летувіскай спэцслужбы таксама ня ёсьць мэтай гэтага допісу.

Хачу падкрэсьліць іншае.

Апошнія некалькі дзён я меў магчымасьць глядзець летувіскія тэлеканалы. І нават ня ведаючы мовы, адчуваў напал жарсьцяў. І ў сьценах Сойму, і ў студыі атрымлівалі мікрафон прадстаўнікі розных партыяў.

Зь іншага боку, краіна не скаланаецца, а проста жыве нармальным палітычным жыцьцём. І неба ня валіцца на летувіскую зямлю ад таго, што без аніякай цэнзуры, у жывым этэры, выступаюць апазыцыянэры. Яны, дарэчы, і звалілі шэфа спэцслужбы.

За тыя дні, што аўтар гэтых радкоў прабыў у Вільні, давялося пабачыць на тэлеэкране ці ня ўсю галерэю тамтэйшых палітыкаў: і Бразаўскаса, і Ландсбэргіса, і Кубілюса, і Паўлаўскаса – усіх не пералічыць.

Не пашэнціла ўбачыць толькі ведаеце каго?

Прэзыдэнта.

...А быў жа і ў Беларусі шанец застацца парлямэнцкай рэспублікай!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?