Адпачынак на радзіме: вясковая ідылія.

Узбоч каралеўскай дарогі

Адметнасць сядзібы «Хутарок Ярынка» на Камянеччыне — яе суседства з колішняй «каралеўскай дарогай». Некалі той дарогай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі ездзіў у госці да графіні Марыі Патоцкай у маёнтак Высокае. Сядзіба знаходзіцца на ўскрайку вялікага лесу, яе атачаюць дзясяткі крыніцаў. Ёсць сад, сажалка з рыбай. Гаспадары пачастуюць гасцей смачнай юшкай, стравамі беларускай кухні. Ёсць лазня. Можна пайсці і ў душ.

Прадугледжаныя і экскурсіі на выбар: ад наведвання Белавежскай пушчы і страусавай фермы да экскурсіі ў Камянец і Брэсцкую крэпасць.

«Хутарок Ярынка»

Брэсцкая вобласць, Камянецкі раён, в. Свіцічы, д. 24. Т.: (029) 824-00-56; (025) 950-40-22 (Лідзія Уласюк).

***

Беларускамоўным — зніжкі

Сядзіба «Родны кут» Юліі Бука, што ў вёсцы Валодзькава Глыбоцкага раёна, сёлета перамагла ў конкурсе «Найлепшая аграэкасядзіба 2010 года» ў намінацыі «Зялёная сядзіба». Галоўная яе асаблівасць — натуральнасць. Тут няма сайдынгу і іншых прыкметаў сучаснага жытла. Хаткі для гасцей спадарыні Юліі захоўваюць атмасферу сялянскага жытла. Зрэшты, для больш патрабавальных гасцей ёсць хатка са «зручнасцямі».

Сядзібу атачае лес, побач возера Акунёва. Вакол ціша і спакой.

Гаспадары прапануюць зніжкі для сем’яў з дзеткамі, для вялікіх групаў, а таксама для беларускамоўных гасцей.

«Родны кут»

Віцебская вобласць, Глыбоцкі раён, в. Валодзькава. Т.: (02156) 36-357; (029) 109-51-89 (Юлія Бука).

***

Спатканне ля Святога возера

Сядзіба «Спатканне» месціцца ў вёсцы Стрэнькі Рагачоўскага раёна. Прыдатная як для сямейнага, так і для самотнага адпачынку. Для сем’яў з дзеткамі маецца дзіцячы пакой. Побач з вёскай — возера Святое. Гасцей чакаюць купанне і рыбалка, хатнія стравы, шашлык, гародніна і садавіна з прысядзібнага ўчастка. Адпачыўшы на прыродзе, можна наведацца ў Цэнтр народных рамёстваў, што дзейнічае ў Стрэньках.

«Спатканне»

Гомельская вобласць, Рагачоўскі раён, в. Стрэнькі, вул. Бабруйская, д.4а. Т.: (029) 640-47-99 (Сяргей Сергіенка).

***

Пакуль не пабудавалі АЭС, трэба ехаць у Астравецкі раён

Сядзіба «Падкасцёлак» стаіць узбоч дарогі Вільня—Полацк. Адсюль літаральна сотня метраў да возера Галадзянка (Сарачанскія азёры). Навокал лес, чыстае паветра. Сядзіба прыдатная для сямейнага і карпаратыўнага адпачынку, там можна ладзіць святочныя і дзелавыя мерапрыемствы. Ёсць магчымасць пакатацца на чаўнах, катамаранах, заняцца віндсёрфінгам. Калі вада — не ваша стыхія, можна прайсціся па лесе, пазбіраць грыбоў і ягадаў. Ёсць магчымасць папарыцца ў лазні, а на ноч размясціцца ў старым гумне.

«Падкасцёлак»

Гродзенская вобласць, Астравецкі раён, хутар Падкасцёлак. Т.: (029) 388-86-88; (029) 627-27-89 (Эдуард Вайцяховіч).

***

На конях берагам Сожа

Сядзіба «Блакітны Сож» у вёсцы Каськова Мсціслаўскага раёна прапануе адпачынак для цела і душы. Яна месціцца на беразе Сожа — ідэальнае месца для купання і рыбалкі. Побач лес: ягады, грыбы і лекавыя травы. Аматары актыўнага адпачынку могуць згуляць у валейбол, праехацца на конях. На замову гасцей гаспадары арганізуюць музычныя мерапрыемствы з песнямі і танцамі. На тэрыторыі сядзібы дзейнічае пляцоўка для дзіцячых гульняў. І, натуральна, стравы нацыянальнай кухні, лазня з парам і венікам.

Па жаданні арганізуецца наведванне Успенскага манастыра ў Пустынках. Тут б’е гаючая крыніца, па ваду з якой едуць здалёк. А побач Расія — можна пяшком схадзіць. Пабачыць, як жыве саюзная дзяржава. (Экстрым!)

«Блакітны Сож»

Магілёўская вобласць, Мсціслаўскі раён, в. Каськава. Т.: (029) 312-65-59 (Аляксандр Савушкін).

***

«Шчодры Заяц»

Сядзіба «Шчодры Заяц», што ў вёсцы Сялоўшчына Бярозаўскага раёна, прапануе адпачынак для людзей з аўто. У ваколіцах багата цікавых мясцінаў. За 10 км пачынаецца Рэспубліканскі біялагічны заказнік «Спораўскі»: можна пабачыць рэліктавае балота з яго разнатраўем і рэдкімі відамі птушак — накшталт вяртлявай чаротаўкі і арлана-белахвоста. Раён багаты і гістарычнай спадчынай: манастыр у Бярозе, сядзіба Пуслоўскіх у вёсцы Пяскі .

«Шчодры Заяц»

Брэсцкая вобласць, Бярозаўскі раён, в.Сялоўшчына, вул. Горкага, д. 18. Т. : (01643) 48-126 (Марыя Зайцава).

***

Пад спевы салаўя

Сядзіба «У Нiчыпараў», што ў вёсцы Магільна Стаўбцоўскага раёна, асабліва прывабная ў маі. Вакол яе расце яблыневы сад, у якім так прыгожа спяваюць салаўі.

На сядзібе ёсць невялікая сажалка, каля яе — альтанкі, дзіцячая пляцоўка.

Зусім блізка — грыбныя лясы і Нёман. Аматараў гісторыі зацікавіць замчышча XVI—XVII стагоддзяў, магільнянскія ваколіцы, што поўняцца легендамі пра тое, як літоўскі князь Рынгольд біўся тут з войскамі рускіх князёў і татараў.

Аматараў гастранаміі гаспадары пачастуюць фаршаваным шчупаком, дранікамі, бабкай. Само сабой — свежая гародніна, што расце побач у парніку і на ўчастку.

Гасцям прапануюцца экскурсіі ў Нясвіж, Мір, вёску Наднёман з рэшткамі сядзібы Ёдкаў, музей Якуба Коласа ў Мікалаеўшчыне.

«У Нічыпараў»

Мінская вобласць, Уздзенскі раён, в. Магільна, вуліца Маладзёжная,14. Т.: (29) 109-66-85 (Ала Нічыпаровіч).

***

На плытах па Нёмане і Бярэзіне

Гаспадар сядзібы «Дакудава», што на Лідчыне, Юрый Агарка, ладзіць сплавы па Нёмане і Бярэзіне на плытах, а таксама паходы на байдарках. На кожным з двух плытоў спадара Юрыя з камфортам могуць размясціцца дванаццаць чалавек. Гэта ўнікальная магчымасць адчуць сябе плытагонам. У часе сплаваў робяцца прыпынкі для грыбных і ягадных збораў, рыбалкі і купання.

Аматараў аселага адпачынку чакае сядзіба «Дакудава». Тут пачастуюць сялянскімі прысмакамі — малаком, тварагом, мёдам, гароднінай і садавіной. А найбольш цікаўныя навучацца даіць карову, ездзіць на кані.

«Дакудава»

Гродзенская вобласць, Лідскі раён, в. Дакудава, д. 14. Т.: (029) 280-31-41; (01561) 78-240 (Юрый Агарка).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?