Звольнены пасол Украіны ў Беларусі
Тое, што ўбачыў у Беларусі, пакінула дзіўныя адчуванні.
Прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч звольніў Рамана Бяссмертнага з пасады надзвычайнага і паўнамоцнага пасла Украіны ў Беларусі. Пасля падзей 19 снежня дыпламат ад свайго імя неаднаразова выказваўся пра недэмакратычнасць рэжыму Лукашэнкі.
Як паведамілі ў прэс-службе Адміністрацыі прэзідэнта Украіны, адпаведны ўказ быў падпісаны Віктарам Януковічам сёння.
Упершыню інфармацыя аб магчымым звальненні Рамана Бяссмертнага з пасады пасла Украіны ў Беларусі з’явілася ў СМІ ў лютым пасля яго інтэрв’ю, у якім ён заявіў, што з пункту гледжання ўкраінцаў у беларусаў выбараў не было.
«Я бачыў украінскія, грузінскія, чэшскія, польскія, брытанскія выбары. Але тое, што ўбачыў у Беларусі, пакінула дзіўныя адчуванні. Што такое выбары
па-беларуску? Гэта выбары без вонкавай рэкламы, без любых (вялікіх ці малых) сходаў людзей, гэта выбары, калі на ўсіх каналах толькі адзін чалавек. А потым мне адкрылі таямніцу: аказваецца, што настолькі адкрытых выбараў у Беларусі, як у 2010 годзе, яшчэ не было. Не даю нікому ацэнкі — беларусы павінныя жыць сваім жыццём, украінцы — сваім. Але магу сказаць: я не змог бы жыць у такіх умовах. Або зрабіў бы ўсё, каб перамагчы такую сітуацыю, ці гэта дзяржава адолела б мяне. Ва Украіне я рабіў усё, каб у нас такіх выбараў больш ніколі не было», — сказаў ён.
Дыпламатычная этыка не дазваляе афіцыйным прадстаўнікам Украіны выступаць з заявамі ад свайго імя.
Такім чынам у лютым 2011 міністр замежных справаў Канстанцін Грышчанка пракаментаваў заяву Рамана Бяссмертнага.
Новым паслом Украіны ў Беларусі будзе прызначаны былы віцэ-прэм’ер-міністр — міністр рэгіянальнага развіцця, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віктар Ціханаў, які днямі быў звольнены з пасады віцэ-прэм’ера за зрыў рэформы ЖКГ. Пра гэта ZN.UA паведаміла высокапастаўленая крыніца ў МЗС Украіны.
Раман Бяссмертны быў прызначаны паслом Украіны ў Беларусі яшчэ прэзідэнтам Віктарам Юшчанкам у апошні дзень знаходжання яго на гэтай пасадзе.
belaruspartisan.org
Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?
Пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ