Міністр фінансаў Расіі Аляксей Кудрын станоўча ацэньвае перспектывы выдзялення крэдыту Беларусі з Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС. Пра гэта ён заявіў 4 чэрвеня ў Кіеве па выніках пасяджэння міністраў фінансаў краін СНД.
«Я не магу гаварыць загадзя, але думаю, што ўсё будзе паварочвацца пазітыўна», — цытуе Кудрына РІА Новости.
Ён адзначыў, што на сённяшнім пасяджэнні міністраў фінансаў краін СНД быў падпісаны мемарандум, задачай якога з’яўляецца ўніфікацыя фінансавай палітыкі
«Цяпер мы павінны думаць пра наступны этап сумеснай працы, узаемадзейнічаць ва ўсіх сферах фінансавай працы. Усё гэта — магчымасці для нашай сумеснай працы», — падкрэсліў Кудрын.
Як раней паведамляў БелаПАН, пытанне аб выдзяленні крэдыту будзе абмяркоўвацца сёння на пасяджэнні ў Кіеве рады Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС. З гэтага фонду Беларусі можа быць выдзелена 3 млрд. долараў, з іх у 2011 годзе — 1,2 мільярда. Пры гэтым першы транш можа скласці 800 млн. долараў.