XIII (паўторны) з’езд Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) 5 чэрвеня ў Мінску абраў кіраўніком партыі Ірыну Вештард. За яе прагаласавала 77 чалавек пры адным голасе «супраць» і сямі, што ўстрымаліся.

Вештард пры абранні заявіла, што мае намер захоўваць адзінства партыі, не перашкаджаць яе дзейнасці, «як гэта рабіў былы старшыня партыі Анатоль Ляўковіч».

Яна таксама сказала, што калі не апраўдае надзей членаў партыі — «без сумневу пакіне сваю пасаду».

З’езд таксама ўнёс карэктывы ў статут партыі для таго, каб падаць дакументы ў Мінюст.

Нагадаем, папярэдні з’езд БСДП (Грамада) прайшоў 10 кастрычніка 2010 года. На ім кіраўніком партыі замест Анатоля Ляўковіча быў абраны Анатоль Сідарэвіч.

Аднак Мінюст прызнаў вынікі з’езда, у тым ліку тыя, што датычацца абрання кіраўніцтва, несапраўднымі ў сувязі з парушэннямі заканадаўства пры яго падрыхтоўцы.

У студзені 2011 года Мінюст вынес БСДП (Грамада) два пісьмовыя папярэджанні ў сувязі з адсутнасцю дзеянняў па арганізацыі паўторнага з’езда.

Ірына Вештард — са Смаргоні. Яна 1953 года нараджэння.
Папулярны ў сябе ў горадзе чалавек, яна доўгі час узначальвала Гродзенскую абласную арганізацыю сацыял-дэмакратаў. У нацыянальным і сацыял-дэмакратычным руху яна даўно. У партыі належыць да беларускамоўнага яе крыла. На мінулых парламенцкіх выбарах яе знялі з выбараў, надумаўшы, што частка подпісаў за яе вылучэнне былі несапраўднымі. Вештард вытрымала многае ад лукашэнкаўскіх спецслужбаў: ёй мазалі дзверы чорнай фарбай, зламалі замок — магчыма, пры спробе пранікнення ў жытло, білі шыбы, змясцілі нумар мабільнага тэлефона на сайце інтым-паслуг. Тым не менш, яна захавала вернасць сваім прынцыпам.
Вештард была прынцыповай праціўніцай згодніцкага курсу былога кіраўніка партыі Анатоля Ляўковіча, які спрабаваў стаць новай «прыкарытнай апазіцыяй». На выбарах 2010 года Вештард падтрымлівала свайго земляка Уладзіміра Някляева.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?