Інфармацыя аб поўным спыненні аперацый на міжбанкаўскім валютным рынку Беларусі, якая перыядычна з’яўляецца ў апошні час у СМІ, не адпавядае рэчаіснасці, сцвярджае Нацыянальны банк.

«Больш за тое, дадзеныя справаздачнасці аб аперацыях на валютным рынку, якая штодзень накіроўваецца банкамі ў Нацыянальны банк, сведчаць аб тым, што аб’ём аперацый суб’ектаў гаспадарання пастаянна павялічваецца», — гаворыцца ў паведамленні Нацбанка.

Адзначаецца, у прыватнасці, што ў студзені-маі сярэднедзённы аб’ём продажу і куплі замежнай валюты суб’ектамі гаспадарання на ўсіх сегментах валютнага рынку склаў 140,3 млн. долараў ЗША, што на 11,3% вышэй, чым за аналагічны перыяд 2010 года.

«У маі гэтага года названы паказчык склаў 139,9 млн. долараў ЗША, у тым ліку з 25 па 31 мая, г.зн. пасля ўвядзення двухпрацэнтнага абмежавання на адхіленне курсаў здзелак ад афіцыйнага курсу і зніжэння курсу нацыянальнай валюты, — 161 млн. долараў ЗША. Пры гэтым на пазабіржавым сегменце валютнага рынку па аперацыях суб’ектаў гаспадарання сярэднядзённы абарот склаў: у студзені-маі — 80,1 млн. долараў ЗША, у маі — 85,8 млн. долараў ЗША, з 25 па 31 мая — 102,4 млн. долараў ЗША», — прыводзіць статыстыку Нацбанк.

Як вынікае з паведамлення, «рост аб’ёмаў аперацый непасрэдна звязаны з павелічэннем валютнай выручкі, што паступае ў краіну». Паводле папярэдніх звестак, аб’ём паступлення ў краіну валютнай выручкі за студзень-красавік адносна аналагічнага перыяду 2010 года вырас на 61% — з 7 млрд. 941,9 да 12 млрд. 789,5 млн. долараў ЗША ў эквіваленце. «У выніку ў красавіку, упершыню за доўгі час, аб’ём валютнай выручкі, што паступіла ў краіну, перавысіў аб’ём плацяжоў за імпарт тавараў і паслуг», — сцвярджае Нацбанк.

Паведамляецца таксама, што зводная інфармацыя аб’ёмах аперацый на ўсіх сегментах валютнага рынку рэгулярна публікуецца Нацыянальным банкам у статыстычных зборніках і на сайце ForexMarket.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?