У ноч з 5 на 6 чэрвеня.

«Патрыярха беларуская філасофіі» не стала на 78 годзе жыцця.

Анатоль Сідарэвіч пра Уладзіміра Конана:

— 26 мая адбыліся «Узвышаўскія чытанні». Мы чакалі на іх і чалавека, які зрабіў нямала для вяртання добрага імя гэтага аб’яднання. Мы чакалі Уладзіміра Конана, але ён не здолеў прыйсці. Даслаў толькі сваё выступленне.

Я ведаў Уладзіміра Конана з 1969 года, калі працаваў у Капыльскай раённай газеце. Тады спаўнялася 70 гадоў Адаму Бабарэку. Я звярнуўся да Уладзіміра Міхайлавіча, каб ён напісаў артыкул. Ён адгукнуўся. І дзякуючы яму адбылося святкаванне юбілею Бабарэкі афіцыйна на ўзроўні райвыканкама.

У 1972 годзе Уладзімір Конан і Энгельс Дарашэвіч выдалі ў серыі «Гісторыя эстэтычнай думкі СССР» беларускі том. А летась выйшаў першы том «Гісторыі эстэтычнай думкі Беларусі» — гэта яго капітальная праца, сума таго, што ён даследаваў. І я чакаю другі том. Для мяне важна, ці паспеў ён падрыхтаваць яго да друку.

…Часта ў нас акадэмікамі і членамі-карэспандэнтамі становяцца людзі, пасля смерці якіх няма чаго прад’явіць нашчадкам. У адрозненне ад Уладзіміра Конана, які і не быў ні акадэмікам, ні членам-карэспандэнтам.

***

Уладзімір Конан нарадзіўся 23 красавіка 1934 года ў вёсцы Вераскава Навагрудскага раёна. Беларускі філосаф, літаратуразнаўца, крытык. Выпускнік гістарычнага факультэта БДУ. Доктар філасофскіх навук па спецыяльнасці «эстэтыка». Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі ў 1984 годзе за ўдзел у напісанні цыкла калектыўных манаграфій па гісторыі філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі (апублікаваны ў 1973-1980). Аўтар прац «Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917-1934 гг.)» (1968), «Ад Рэнесансу да класіцзму» (1978), «Святло для людзей: Родная мова і культура ў эпоху перабудовы» (1989), «Святло паэзіі і цені жыцця: Лірыка Максіма Багдановіча» (1991) і іншых.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?