Міністэрства юстыцыі вынесла другое ў гэтым годзе пісьмовае папярэджаньне Беларускаму Хэльсынскаму камітэту. Падставай для яго сталі «парушэньні падатковага заканадаўства, якія маюць працяглы характар».

БХК павінен заплаціць у бюджэт звыш 205 мільёнаў рублёў падаткаў і штрафных санкцый на выкарыстаныя ў 2002–2003 гадах гранты Эўракамісіі, якія паводле міжнародных дамоваў Рэспублікі Беларусь падаваліся ў беспадатковым рэжыме. У рамках міжнароднай тэхнічнай дапамогі ад Эўракамісіі фінансаваліся больш за 30 грамадзкіх аб’яднаньняў. Аднак падатковыя плацяжы былі налічаныя толькі 2 арганізацыям, паведамляе прэс-служба БХК.

БХК лічыць рашэньне інспэкцыі Міністэрства падаткаў і збораў незаконным і абскардзіў яго ў судовым парадку. Суды пастанавілі, што праваабаронцы нічога не павінны пакрываць у бюджэт.

Аднак напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году, маніторынг якіх ажыцьцяўляў БХК, рашэньні гаспадарчых судоў былі перагледжаныя прэзыдыюмам Вышэйшага гаспадарчага суду. Маёмасьць БХК была канфіскаваная, а рахункі арыштаваныя.

Разам з тым у 2006 годзе дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю спыніў у сувязі з адсутнасьцю падзеі злачынства крымінальную справу, пачатую за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у дачыненьні да службовых асобаў БХК.

Цяпер Мін’юст загадвае БХК ліквідаваць запазычанасьць у бюджэт у месячны тэрмін.

Першае ў гэтым годзе папярэджаньне было вынесена БХК 12 студзеня 2011 году пасьля таго, як праваабаронцы накіравалі спэцдакладчыку ААН па пытаньні аб незалежнасьці судзьдзяў і адвакатаў Габрыэле Кнауль паведамленьне пра ціск уладаў на адвакатаў, у прыватнасьці тых, якія абараняюць удзельнікаў падзеяў 19 сьнежня.

12 сакавіка Вярхоўны суд адмовіў БХК у задавальненьні скаргі на папярэджаньне Мін’юсту.

Заканадаўства дазваляе ініцыяваць судовы працэс аб ліквідацыі грамадзкага аб’яднаньня пры наяўнасьці двух папярэджаньняў за год.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?