Я пачынаў як шахматыст, аднак паступова захапіўся шашкамі, навучыўшыся іх самастойна, паводле літаратуры. Працуючы трэнэрам, прыйшоў да высновы, што шашачная гульня лепш адпавядае нашаму хуткаплыннаму часу — максымум за год шашыст‑пачатковец дасягае добрых вынікаў. У мяне палова вучняў безь вялікіх цяжкасьцяў выконвае норму другога разраду, другая палова — першага.

Існуе безьліч відаў шашак. У Беларусі практыкуюцца перадусім «рускія» і «міжнародныя», а ёсьць яшчэ бразыльскія, армянскія, неўскія, турэцкія. Як на мяне, найбольш практычнай разнавіднасьцю ёсьць стаўрапольскія шашкі, чый вынаходнік невядомы. У параўнаньні з рускімі дадаецца ўсяго адно правіла: кожны з гульцоў замест ходу сваёй шашкай заўсёды можа зьдзейсьніць ход за суперніка. Натуральна, сунуць чужыя простыя шашкі можна толькі ў свой бок, і біць імі інтарасант мае толькі «сваіх». Біцьцё абавязковае. У эндшпілі часта даводзіцца гуляць чужымі шашкамі, каб аслабіць іх пазыцыю.

Стаўрапольскі варыянт — дзіўнае спалучэньне элемэнтаў паддаўкоў і звычайных шашак. Праз гэта характар барацьбы рэзка ўскладняецца. Я праверыў: мысьленьне дзяцей пры ўжываньні ў пэдагагічным працэсе гэтай гульні разьвіваецца хутчэй, бо ім абавязкова даводзіцца думаць і за сябе, і за суперніка. Рэкамэндую!

Аляксандар Паўловіч, трэнэр‑выкладчык СДзЮШАР‑11, Менск

Ваш ход

Белыя пачынаюць і выйграюць паводле правілаў стаўрапольскіх шашак

Адказ 1. с5-b4! Чорныя мусяць біць: 1... а3:с5. Белыя зноў рушаць чужую шашку: 2. b8-c7 і ўзьнікае пазыцыя, дзе любы ход чорных -- хоць сваёй, хоць чужой шашкай -- вядзе да страты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0