«НН» параўнала цэны на гарэлку з цэнамі на самыя неабходныя прадукты.
Для эксперыменту была выбраная адна з вялікіх прадуктовых крамаў, размешчаная на праспекце Незалежнасці беларускай сталіцы. Знайсці танную гарэлку там аказалася не так проста — толькі на самых ніжніх паліцах карэспандэнт змог угледзець звычайную паўлітровую пляшку віцебскай гарэлкі, коштам роўна 10 тысяч рублёў.
Адпаведна, сто грамаў гэтага папулярнага ў народзе напою будуць каштаваць беларусу 2 тысячы.

Наведванне іншых аддзелаў крамы ўвяло ў смутак. За грошы, якія жыхар нашай краіны цяпер можа патраціць на сто грамаў гарэлкі, у сталічнай краме можна набыць крыху больш за сто грамаў варанай каўбасы (сярэдні кошт — 17 тыс. за кг), сто грамаў сасісак (19 тыс за кг), 200 грамаў памідораў (10 тыс. за кг), сто грамаў сыру (у залежнасці ад сорту, ён можа каштаваць у 2–3 разы даражэй), паўкілі хлеба, 400 грам беларускай бульбы.

Не лепш і з садавінай. Замест паловы шклянкі гарэлкі беларус зараз можа набыць толькі 150 грамаў апельсінаў (менш за адзін), сто грамаў яблыкаў, 200 грамаў бананаў.

Шакалад у Беларусі (нават самы танны, айчынны), каштуе каля пяці тысяч за стограмовую плітку. Гарэлка таннейшая ў 2,5 раза.

Аднак найбольш выгадна гарэлка выглядае ў параўнанні з вяндлінай і вэнджанай каўбасой. Цэны на гэтыя прадукты ў звычайнай менскай краме сягаюць 40–60 тысяч рублёў за кілаграм. Гэта ў 2–2,5 разу даражэй за гарэлку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?