Сотні машынаў 7 чэрвеня паралізавалі рух на праспекце Незалежнасці. Журналістам «НН» удалося марудненька, але ўсё ж праехацца праспектам у маршрутцы і даведацца ў людзей, чаму яны кідаюць грошы на дарогу.
* * *
Пратэст супраць росту цэнаў: у аўторак сотні аўтааматараў заблакавалі праспект Незалежнасці ў Мінску.
Пратэст аўтамабілістаў супраць падаражэння паліва перарос у выказванне агульнага незадавальнення сітуацыяй у эканоміцы.
7 чэрвеня мінскія аўтамабілісты зладзілі акцыю пратэсту супраць падаражэння паліва.
ДАІ і АМОН былі бяссільныя супраць соцень машын: на некалькі гадзін рух на цэнтральным праспекце сталіцы быў блакаваны.
Калона аўто з уключанай аварыйнай сігналізацыяй і сімволікай акцыі «Стоп бензін!» — выявай чалавечка, які «страляе» сабе ў скроню з запраўнага пісталета ці белай стужкай на антэне — расцягнулася ад Галоўпаштамта да Цэнтральнага ўніверсама. Насустрач ёй рухалася другая, што займала праспект між плошчамі Якуба Коласа і Перамогі.Трэція групы аўтааматараў выехалі на праспект у раёне цырку. Кіроўцы спыняліся, утвараючы лакальныя заторы, падымалі капоты.
Крайнюю правую паласу праспекта Незалежнасці арганізатары акцыі — грамадская ініцыятыва «За аўто» — заклікала пакідаць вольнай для руху грамадскага транспарту. Не заўжды гэта ўдавалася. Аднак ніхто не перажываў: пасажыры выходзілі з аўтобуса і… апладзіравалі ўдзельнікам акцыі. Гледачоў сабраліся сотні: людзі махалі аўтамабілістам, крычалі «Стоп бензін!»,пасля пачалі «ахвяраваць» аўтамабілістам на паліва — на машыны пасыпаліся дробныя рублёвыя купюры. «Гэта ўжо не грошы, а фанцікі, за іх нічога не купіш!» — казалі яны.
Нашы рэпарцёры не зафіксавалі ніводнай негатыўнай рэакцыі.
На мост цераз Свіслач у знак падтрымкі з’ехаліся дзясяткі раварыстаў.Салідарнасць аб’яднала дарожных «праціўнікаў».
Аўтамабілісты блакавалі міліцэйскія эвакуатары, якія спрабавалі адцягнуць машыны, што спыняліся.
У натоўпе на тратуары ля ГУМа апынуліся замежнікі, мяркуючы па акцэнце, немцы. Яны спыталіся ў жанчыны, што стаяла побач з рэпарцёрам «НН»: што адбываецца? Жанчына адказала ім коратка: падаражэнне паліва. «Тут блізка рэзідэнцыя кіраўніка дзяржавы, — запыталіся немцы, — няўжо беларусы не баяцца пратэставаць?» — «Раней баяліся, бо жорстка разганялі, — сказала кабета, — але цяпер сітуацыя ў краіне такая, што страх знік».
«Давялі народ да крайнасці», — падсумавала яна.





