Адменена прэс-канферэнцыя, прысвечаная актуальным пытанням сацыяльна-эканамічнай сітуацыі. Мерапрыемства павінна было адбыцца сёння ў Нацыянальным прэс-цэнтры.

Анансавалася, што ўдзел у сустрэчы з журналістамі прымуць міністр эканомікі Беларусі Мікалай Снапкоў, міністр фінансаў - Андрэй Харкавец, першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Пётр Грушнік. Натуральна, пытанняў да кожнага ў журналістаў набралося шмат.

Аднак прэс-канферэнцыя адменена без тлумачэння прычын, хоць чакалася, што ўвагу да яе праявіць вельмі вялікая колькасць журналістаў. Прэс-цэнтр, прагназуючы наплыў журналістаў, нават увёў «квоту» для рэдакцый — удзельнічаць у мерапрыемстве ад выданняў магло толькі два чалавекі: адзін пішучы і адзін фотажурналіст.

І ўсё ж ткі адказваць на актуальныя пытанні беларускай эканомікі чыноўнікі не захацелі. У прэс-цэнтры журналістам сёння будуць распавядаць аб эпідэміялагічнай сітуацыі ў вадаёмах і аб дасягненнях лёгкай прамысловасці напярэдадні прафесійнага свята.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?