Карпарацыя Microsoft, якая ў пачатку мая набыла кампанію Skype, не выключае магчымасці перадачы расійскім спецслужбам шыфравальных алгарытмаў сэрвісу інтэрнэт-тэлефаніі.

«Я б хацеў гэта зрабіць», — заявіў прэзідэнт «Microsoft-Расія» Мікалай Пранішнікаў. Як паведамляе агенцтва «Інтэрфакс», Пранішнікаў падкрэсліў, што гэтае пытанне яшчэ не абмяркоўвалася.

«Трэба прайсці яшчэ некалькі этапаў інтэграцыі Skype, — сказаў ён.

Ён адзначыў, што

агульны падыход Microsoft у Расіі — «супрацоўніцтва і партнёрства з дзяржавай».

У прыватнасці, Microsoft раскрыла расійскім спецслужбам зыходныя коды сваіх праграмных прадуктаў. «Мы хочам развіваць нашу сумесную з ФСБ лабараторыю», — адзначыў ён.

У красавіку начальнік цэнтра абароны інфармацыі і спецсувязі ФСБ Аляксандр Андрэечкін заявіў, што іх турбуе праца на тэрыторыі Расіі Gmail, Skype, іншых інтэрнэт-сэрвісаў, якія выкарыстоўваюць замежныя алгарытмы шыфравання. На яго думку, гэтыя сэрвісы могуць быць пагрозай нацыянальнай бяспецы Расіі, бо ў іх выкарыстоўваюцца алгарытмы кадавання, недаступныя для расшыфроўкі спецслужбамі.

Як растлумачыў намеснік кіраўніка Мінкамсувязі Расіі Ілля Масух, ФСБ прапанавала забараніць у Расіі выкарыстанне гэтых сэрвісаў, патлумачыўшы гэта тым, што выкарыстанне ў іх сістэм шыфравання абцяжарвае ажыццяўленне аператыўных мерапрыемстваў.

У выніку ўлады вырашылі стварыць міжведамасную працоўную групу, якая да 1 кастрычніка павінная выпрацаваць прапановы ўраду па ўрэгуляванні пытання выкарыстання крыптаграфічных сродкаў у сетках сувязі агульнага карыстання.

У аўторак карыстальнікі Skype другі раз менш чым за месяц зазналі праблемы з падключэннем да сэрвісу.