21 сьнежня ў наваполацкай гарадзкой выстаўнай залі адбылася прэзэнтацыя выставы полацкай мастачкі Тацяны Козік «Роздум каля вялікай вады». Упершыню мастачка так шырока паказала свой жывапіс і выступіла ў якасьці мадэльера – на прэзэнтацыі адбыўся паказ яе калекцыі адзеньня зь лёну.

Першапачаткова Тацяна плянавала назваць выставу «Лён і бурштын». Наваполацкая пісьменьніца Ірына Жарнасек, выступаючы на прэзэнтацыі, назвала гэты вобраз сымбалем ВКЛ: лён – Беларусь, бурштын – Літва.

Тацяна Козік вядомая на Полаччыне сваімі прынцыпамі: яна ніколі не была сябрам ніякіх мастакоўскіх саюзаў і ў сваёй творчай дзейнасьці трымаецца максымальнай самастойнасьці. Ейная майстэрня, што месьціцца ў прыватным дамку на беразе Дзьвіны ля Сафійскага сабору ўжо сталася легендарнай.

У адкрыцьці выставы ўзяў удзел ансамбль народнай песьні наваполацкай музвучэльні «Вербніца» (кіраўнічка Нэлі Бароўская), які выканаў калядкі. Дарэчы, амаль увесь калектыў, прынамсі жаночая частка, быў апрануты ў строі ад Тацяны Козік. Мадэлі таксама дэманстравалі маладыя дзяўчаты – пераважна студэнткі ПДУ.

Тацяна Козік у заключным слове сказала, што марыць пра іншую Беларусь, што самае галоўнае ‑ мець сваю зямлю і свой дом, у якім гаспадаром родная мова.

Відавочна, мясцовае кіраўніцтва горада было ўпэўнена, што нешта падобнае на прэзэнтацыі прагучыць, таму мерапрыемства праігнаравалі ўсе гарадзкія СМІ і нават прадстаўнікі аддзела культуры.

Затое аматараў творчасьці і жыцьцёвых прынцыпаў Тацяны сабралася поўная заля. Прыйшлі з кветкамі і добрымі словамі. Уражаньняў хапіла для ўсіх.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?