Многія вёскі на Слонімшчыне паволі дажываюць свой век. Старыя паміраюць, а іх самотныя хаты так і застаюцца стаяць з забітымі вокнамі і аброслымі ўчасткамі.
І толькі нешматлікія, больш перспектыўныя сельскія населеныя пункты, дзякуючы дзяржаўнай праграме, атрымліваецца зноўку адбудоўваць. Так, на фоне шэрых драўляных дамоў з шыфернымі і саламянымі дахамі ўзвышаюцца раскошныя адна- і двухпавярховыя добраўпарадкаваныя катэджы. З’яўляюцца новыя вуліцы, асфальтуюцца дарогі, адкрываюцца гандлёвыя цэнтры. Такім чынам, вёскі атрымліваюць новы статус аграгарадка.

Аднак не ўсё так добра, як здаецца на першы погляд. Вось, напрыклад, жыхарка вёскі Касцяні Слонімскага раёна Інэса Дабравольская засялілася ў добраўпарадкаваны дом яшчэ ў снежні мінулага года. Але гаспадыняй сябе не лічыць. Бо ў яе да гэтага часу няма на руках ніякіх дакументаў на жыллё. І гэта не адзіная праблема, якая яе турбуе да гэтага часу.

Вось што яна расказала карэспандэнту «Газеты Слонімскай» пры сустрэчы.

— Паглядзіце, што ў нас у доме дзеецца. Усе тры пакоі і кухня пакрыліся суцэльнай плесняй. Волкасць з’явілася праз месяц пасля нашага засялення. Што я толькі ні рабіла: і газавае ацяпленне ўключала на поўную магутнасць, і абагравальнікам сушыла — але так і не пазбавілася ад гэтага. Цвіль распаўзлася па сценах, вокнах. Я ўжо кветкамі і мэбляй закрываю, каб не так у вочы гэтая чарната кідалася.

Звярталася да начальніка будаўнічай кампаніі, ён мне сказаў: сушыць сцены трэба. Яны своечасова дах не накрылі, а як я змагу сваімі сіламі сцены прасушыць?
У мяне ў доме хворае дзіця з ДЦП. Я з ім амаль кожны месяц сяджу на бальнічным. Хіба можна жыць у такіх умовах? А зусім нядаўна па сценах пачалі лазіць мошкі, ноччу кусаюць дзіця.

Аднойчы,

калі з банка мусіла прыехаць камісія правяраць гэтыя дамы, адзін будаўнік падышоў да мяне і сказаў: вы, калі ласка, зачыніце дом і нікога не пускайце.
Маўляў, няхай адзін дом паглядзяць і гэтага дастаткова будзе. Праўда, мяне ў той дзень не было, калі камісія прыязджала, я працавала. Але суседзі казалі, што правяральнікі прыязджалі і хадзілі па дамах, — расказала жанчына.

Выяўляецца, Інэса Мікалаеўна не самотная ў сваёй праблеме.

Шматдзетная маці Тэрэза Бархат атрымала два гады таму такі ж, толькі двухкватэрны дом наогул без унутранага аздаблення. Добра хоць будаўнікі лінолеўм паклалі на падлогу. Жанчына да сёння не можа завяршыць рамонт.

— Я шматдзетная маці. У мяне пяцёра дзяцей, у самай малодшай дачкі сур’ёзная хвароба, у яе дзіцячы цэрэбральны параліч. Нам далі двухквартэрны дом. Калі атрымала яго, паўгода яшчэ дамагалася, каб газ падключылі. У адной частцы, дзе жывуць дзеці, паволі пачала рабіць рамонт. А ў другой палове баюся нават дакранацца да сцен, бо там утварыліся вялікія расколіны. Газавы кацёл не стаіць, а вісіць над падлогай, падмурак і кладоўка таксама патрэскаліся, падлога «ходзіць» пад нагамі.

Звярталася раней да былога старшыні. Дык кіраўніцтва адказвае, што ў іх на добраўпарадкаванне няма ні сіл, ні грошай.
Сказалі, каб я рабіла ўсё за свае сродкі. А як можна пражыць на зарплату і зрабіць яшчэ рамонт, бо я адна падымаю дзяцей. Ніякай дапамогі і падтрымкі мне ніхто не дае. Плот ужо ўвесь нахіліўся. Калі далі гэты дом, то ўчастак быў абгароджаны толькі з аднаго боку, а астатнюю частку я павінная сваімі сіламі абгароджваць. Вось у краме замовіла сетку, за яе трэба заплаціць, таму давяйдзецца эканоміць на прадуктах. Добра, дочкі падраслі, то хоць вопратку іхную даношваю, а так немагчыма зусім было б пражыць. А паглядзіце, якая зямля на ўчастку: адна гліна, што тут будзе расці? — занепакоена пытаецца Тэрэза Эдуардаўна.

У новых дамах у Інэсы Мікалаеўны і Тэрэзы Эдуардаўны сапраўды не адчуваецца, што гэта тыя хаты, дзе можна жыць камфортна і гадаваць дзяцей. Зразумела, што пабудаваны сваімі рукамі і сваімі сіламі дом значна лепшы і якаснейшы. Але хіба можна здаваць людзям жыллё, у якім так шмат непаладак? За адказам на гэтае пытанне карэспандэнты «ГС» звярнуліся да старшыні СВК «Дружба-Агра» Сяргея Запрагаева. І вось які адказ атрымалі.

— Перш чым кудысьці тэлефанаваць, трэба Інэсе Мікалаеўне прыйсці ў кантору.

— Яна звярталася, ёй сказалі, каб яна сушыла сцены.

— Дык хай сушыць, адкрывае вокны, дзверы. А як па-іншаму? За два месяцы волкасць ніяк не сыдзе. Такая праблема не толькі ў яе ў доме, ёсць яшчэ тры ці чатыры такіх дамы. У тых жыхароў усё нармальна, бо яны своечасова ўключалі газ.

— Але яна кажа, што зімой у яе быў уключаны газ на поўную магутнасць, і яшчэ дадаткова абагравальнік быў уключаны.

— Яна доўгі час жыла ў маці. У прынцыпе, тут праблема такая: здалі дом, і ўсё на гэтым.

— Дакументы на дом ёй калі аддасце?

— Па чатырох дамах пакуль яшчэ не гатовая дакументацыя. Якая ім розніца, ёсць дакументы ці не? Гэта ж службовае жыллё, а не асабістае. Мы аформім дакументы і аддамо жыхарам.

— Сяргей Аляксандравіч, а гэта нармальна, што шматдзетную маці засялілі ў дом, дзе няма ўнутранага аздаблення?

— Усе дамы так здаюцца. Так закладзена ў праекце. Таму ўсе жыхары, гэтак жа, як і я сам, рабілі аздабленне.

— Атрымліваецца, што ўсё нармальна, дапамогі жанчыны ад вас не атрымаюць?

— Пра якую дапамогу вы кажаце?

Мы ёй столькі ўжо дапамаглі, няхай толькі разлічыцца за ўсё гэта.
У тым, што яна прасіла, мы не адмаўлялі: трэба карова — калі ласка, трэба дапамога — на табе дапамогу. Прычым усё гэта даецца бязвыплатна.

Вось такая яна, рэальная карціна жыцця ў асобна ўзятым аграгарадку на Слонімшчыне. Раней было цяжка жыць у вёсцы, і са змяненнем яе статусу вяскоўцам не стала лягчэй. Як у тым арыфметычным правіле: ад перастаноўкі месцаў складаемых сума не змяняецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?