Кур’ёзны выпадак здарыўся ў Гродзенскім раёне.
Ілюстрацыйнае фота.
Раніцай 7 чэрвеня кіроўца «Фольксваген-Кэдзі» ехаў па вёсцы Путрышкі ў бок Гродна. Наблізіўшыся да «Рэно», які рухаўся ў спадарожным накірунку з хуткасцю 15-20 кіламетраў у гадзіну і уключанай аварыйнай сігналізацыяй, вырашыў абагнаць яго. Выехаў на паласу сустрэчнага руху і ўбачыў квартэт гусей. Тры птушкі ўратаваліся, а адна загінула пад коламі. Кіроўца «Фольксвагена» паехаў далей. У гэты момант да свайго падворка пад’язджаў гаспадар птушак. Убачыўшы, што здарылася, кінуўся ў пагоню на сваім «Фольксваген-Гольф». Праз некалькі сотняў метраў дагнаў «Фольксваген-Кэдзі», сказаў яго кіроўцу, што з'яўляецца гаспадаром забітай птушкі. Прапанаваў аплаціць шкоду, аднак пачуў у адказ адмову. Тады гаспадар гусака выклікаў ДАІ.
Выпадак быў аформлены, як дарожна-транспартнае здарэнне. Вынікі будуць вядомыя пазней.