Адміністрацыя СІЗА № 1 Гродна не дазволіла Анджэю Пачобуту размаўляць па-польску са сваім бацькам Станіславам падчас сустрэчы.
Яе перарвалі і вывелі Анджэя з памяшкання для спатканняў з роднымі. Сын з бацькам змаглі пагаварыць толькі 20 хвілін з адведзеных на сустрэчу 2 гадзін.

«Я прыйшоў сёння ў турму перадаць перадачу і заадно папрасіў аб спатканні з сынам. Спатканне дазволілі, але адразу папярэдзілі, што я не маю права гаварыць з Анджэем па-польску — толькі на дзяржаўных мовах. Анджэй мне потым сказаў, што гэта ня так і мы можам карыстацца нашай роднай мовай. Ахова вырашала, што з намі рабіць і праз 20 хвілін за Анджэем прышлі і вывелі яго. Мяне адпусцілі», — распавёў «НН» Станіслаў Пачобут.

Ён гаворыць, што ў іх у сям’і амаль заўсёды карыстаюцца польскай мовай:

«Мы ўсе заўсёды па-польску гаворым. Толькі з маці Анджэя і яго жонкай Аксанай па-беларуску».
Спадар Станіслаў таксама распавёў, як пачуваецца Андрэй. Ён лічыць, што пасля учынкаў Яраслава Раманчука на яго сыне ляжыць асаблівая адказнасць. «Яго не зламаюць. Для нас, палякаў, гэта вельмі важна. Нам брыдка ад таго, як павёў сябе наш кандыдат на выбарах. Таму сын павінен трымацца дастойна. Гэты працэс шыты белымі ніткамі і менавіта таму яго зрабілі закрытым», — лічыць спадар Станіслаў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?