Нечаканая сьмерць дыктатара Сапармурата Ніязава прыцягнула ўвагу сьвету да сярэднеазіяцкай краіны, багатай на газ. Спрачаюцца, што будзе з Туркмэніяй – і якія геапалітычныя закалоты магчымыя. Ніхто ня ведае пэўна. Ніязаў напоўніцу вычысьціў палітычнае поле ад хоць якіх самастойных фігураў – і напампаваў усё сваім абагоўленым культам.
Але дыктатары паміраюць. Як жартаваў адзін казланогі пэрсанаж, паміраюць "раптам". Уся адлякаваная стабільнасьць абрынаецца грызьнёй клянаў.
Беларусь з Туркмэніяй параўноўвалі неаднойчы: парушэньне правоў чалавека, зьнішчэньне прэсы, таталітарны стыль. Але ў выпадку зь Ніязавым – гэты стыль быў па-азіяцку неабмежаваным.
Называць месяцы сваім імём – і імём сваёй маці, ставіць процьму ўласных скульптураў (адна зь іх, у золаце, круціцца й паказвае на сонца), адмяніць пэнсіі, забараніць балет, скасаваць мэдычнае абслугоўваньне па-за межамі сталіцы, будаваць у пустыні заапарк зь пінгвінамі...
У школах вывучаюць ніязаўскую “Рухнаму”, як аснову дзяржаўнай ідэалёгіі, апазыцыя зьнішчаная – і любы самастойны чалавек зьведзены на нішто.
Аднойчы Ніязаў у прысутнасьці замежнае дэлегацыі прапанаваў свайму міністру абароны пагаўкаць. І міністар забрахаў па-сабачаму.
Усё гэта поўнае дзікунства. Як кажуць, "Сярэднявечча". Сярэднявечча? Але ці ня быў Ніязаў у такім выпадку – туркмэнскім Міндаўгам? Вітаўтам? Альгердам?
Крывавыя закалоты, гераічны культ кіраўніка, прагная барацьба за ўладу, нарэшце, адбудова сваёй – незалежнай – дзяржавы... Ці ня гэтым займаліся калісьці нашыя князі?
А пра калатнечу палітычных забойстваў лепей пачытайце ў летапісах.
Але ня будзем глуміць Сярэднявечча.
Ня быў Ніязаў туркмэнскім Міндаўгам.
Сірата зьніадкуль, пазбаўлены повязяў, сям’ёй для якога стала кампартыя – апарат, пераўтвораны адылі ў таталітарную сярэднеазіяцкую карпарацыю.
Мэдыі, прапаганда, якая прасякае штодзённае жыцьцё, абсалютны кантроль...
Сярэднявечча ня ведала анічога гэтага. Павадыр мог абагаўляцца – у песьнях і пахвалах (прыгадайце пахвалу Вітаўту), але ён быў далёка – у сваім “эпічным” часе. Побач – была мясцовая супольнасьць, і чалавек жыў сёньня, як учора – і як заўтра.
Лякальныя супольнасьці са сваімі звычкамі й традыцыямі гарантавалі тую свабоду, якая абясшкоджвала любыя спробы цэнтральнага стодапакланеньня.
Ніязаўскі таталітарызм – гэта зьдзек зь Сярэднявечча. Лаўры Міндаўга яму не пасуюць.
Хутчэй – лаўры азіяцкага Лукашэнкі.





