Прадзюсар Віталь Супрановіч выказаўся пра забароны, чыноўнікаў і NRM.

Віталь Супрановіч. Фота svaboda.org.

Віталь Супрановіч. Фота svaboda.org.

«НН»: Як складваецца праца з музыкамі пасля з’яўлення ў чарговы раз чорнага спісу?

ВС: Што адбываецца цяпер, цяжка сказаць. З аднаго боку не прайшлі канцэрты «Ляпіса Трубяцкога», трыб’ют «Нейра Дзюбеля». Але разам з гэтым «Нейра Дзюбель» нядаўна выступіў у клубе «Мулен Руж», NRM ладзіць канцэрты па рэгіёнах.

Віталь Супрановіч — прадзюсар рок-музыкаў, кіраўнік лейбла «БМАгруп». Адзін з арганізатараў рок-фестывалю «Be Free».

«НН»: Па-твойму, спіс сапраўды існуе альбо нехта запусціў чутку, а журналісты раздзьмулі?

ВС: Натуральна, што адкрытага дакумента няма. Але нейкія парады ёсць. Калі адмяняліся канцэрты «Ляпіса Трубяцкога», «Нейра Дзюбеля» пэўныя дзяржаўныя органы ціснулі на клуб.

Зразумела, што ўлады кіруюцца канкрэтнай думкай: калі музыкі іх не падтрымліваюць, яны не могуць працаваць у гэтай краіне. Тое самае і са звычайнымі людзьмі: калі яны маюць альтэрнатыўны пункт гледжання, то ім цяжка тут існаваць.

«НН»: З’яўленне новага чорнага спісу прыпісваюць ведамству Алега Праляскоўскага. З гэтым імем звязаны і дазвол у 2007-м тым самым музыкам бесперашкодна выступаць у Беларусі. Гэта значыць, што зноў трэба ісці да Праляскоўскага ці кагосьці іншага з чыноўнікаў?

ВС: Цяжка сказаць. У 2007 годзе, калі музыкі схадзілі ў Адміністрацыю прэзідэнта, агучвалася ўмова — яны не будуць займацца палітыкай. У нашай краіне дастаткова, каб людзі праз СМІ выказалі свае погляды, і ўлада палічыць, што яны займаюцца палітыкай. Тады варты было сказаць, што музыкі могуць займацца палітыкай, але толькі на баку ўладаў. Трэба было дагаворваць, у якую палітыку не лезці.

Кантактаваць-не кантактаваць з чыноўнікамі… Тады склаліся пэўныя абтавіны. Былі нейкія людзі, якія змаглі данесці гэтую праблему, падняць пытанне. І быў чалавек ва ўладзе, які пагадзіўся сустрэцца з музыкамі. Ці ёсць ва ўладзе сёння такія людзі і ці гатовы яны ўвогуле да нейкіх кампрамісаў — пытанне.

«НН»: У 2007 годзе для падтрымкі беларускіх музыкаў быў створаны ва Украіне фестываль «Права быць свабодным» — «Be Free». Летась фэст у Чарнігаве мясцовыя ўлады забаранілі па просьбе беларускіх чыноўнікаў. Сёлета ён пройдзе?

ВС:

Хутчэй за ўсё і ў гэтым годзе фестывалю «Be Free» не будзе.

Прычын некалькі. Па-першае, да канца мы не зразумелі, ці ўдасца яго правесці ўвогуле ў якім-небудзь украінскім горадзе. Перамовы вяліся з некалькімі гарадамі. Нам казалі: так, магчыма правесці, але пішыце лісты — тады будзем размаўляць. А каб нехта сказаў, што стоадсоткава фэст дазволены, такога не было.

А па-другое, мы не знайшлі падтрымкі для фестывалю. Фірмы, якія дапамагалі нам раней, цяпер не змаглі нас падтрымаць.

«НН»: У Беларусі было некалькі спробаў за апошнія гады наладзіць свае фэсты: «BelaMusic», «Паляна». Але яны праводзіліся толькі па разу. Прычыны ў палітычных і эканаміных праблемах альбо слухачы не гатовы масава хадзіць на платныя фэсты?

ВС: Праблемы ў тым, што ў нас складанае заканадаўства адносна правядзення вулічных мерапрыемстваў. Арганізатарам трэба атрымаць адразу ці не восем узгадненняў — ад міліцыі да ўпраўлення ідэалогіі. І гэта ўсё нешта каштуе. За мяжой спонсарамі музычных фестываляў часта з’яўляюцца піўныя альбо гарэлачныя кампаніі (можна спрачацца добра гэта ці дрэнна). У нас забаронена заканадаўствам піць піва на такіх мерапрыемствах. І фірмы не могуць рэкламаваць сябе на гэтых канцэртах. Ёсць прыклад з «Рокам за баброў». Але тут наўпрост кампанія сябе не рэкламуе, і не зразумела, навошта такі фэст ёй патрэбны.

І тое, што ўлада надта кантралюе такія мерапрыемствы стварае людзям дыскамфорт. Таму не кожны пойдзе на канцэрт, калі ведае, што яго дзесяць разоў там абшукаюць. Яшчэ і сачыць будуць за табой, а калі нешта зробіш не так, цябе адразу вывядуць. Напэўна, каб развівалася культура паводзінаў на такіх мерапрыемствах, то трэба для пачатку іх праводзіць. І не павінны быць гэтыя забароны.

«НН»: А ў плане музыкаў. Фэст, на якім выступае «Ляпіс Трубяцкой» — шматтысячны нават за грошы. Ці ёсць іншыя айчынныя каманды, што змаглі б сабраць столькі ж публікі на платным фэсце?

ВС: Для таго, каб былі такія гурты, павінны быць мінімальныя ўмовы для іх. У нас жа каманды, якія з’яўляюцца — не круцяцца на радыёстанцыях, ім цяжка правесці канцэрты, яны не могуць знайсці спонсара для запісу альбома. Тут нават не вядзецца гаворка, каб іх падтрымліваць. Хаця б, прынамсі, не перашкаджаць. І калі б гэта было, з’яўляліся гурты, якія маглі збіраць тысячы.

«НН»: А сёння хто-небудзь яшчэ здольны на гэта акрамя «Ляпісаў»?

ВС: Калі б у NRM быў Лявон Вольскі, то ў сумесным канцэрце з «Крамай», «Нейра Дзюбелем», «Маўзерам», «БН», думаю, такі склад мог бы сабраць столькі людзей.

«НН»: NRM без Вольскага — гэта яшчэ хэдлайнер фэстываляў альбо шараговы ўдзельнік?

ВС: Без Лявона Вольскана, як мне здаецца, не. Калі з гурту сыходзіць вакаліст, які быў у ім ад пачатку, то наўрад ці гурт можна лічыць тым самым. Рэдкія, здаецца, такія выпадкі ў сусветнай практыцы, каб сыходзілі вакалісты і каманды заставаліся на ранейшай папулярнасці. Хаця ёсць прыклад «Уліса», калі на кожным альбоме быў новы вакаліст. І разам з тым гурт заставаўся папурлярным. Але ў гэтай камандзе склася традыцыя, што мяняліся часта вакалісты. У NRM такога няма.

І тое, што цяпер робіць Лявон — гэта не NRM. І тыя музыкі, што засталіся… Наўрад ці публіка будзе ўспрымаць іх як NRM.

«НН»: Сёлета «БМАгруп» і кампанія «Вігма» пачалі супрацоўнічаць. Ці можна ўжо гаварыць пра нейкія поспехі?

ВС: Мэта нашага супрацоўніцтва — выдаваць дыскі і шырока іх прадаваць. Але каманда сама павінна знайсці грошы на гэта. І гаворка вядзецца нават не пра тое, каб гурт, выдаўшыся, мог зарабляць. А каб людзі маглі яго альбом набыць шмат дзе.

Першы дыск, які мы выдалі — гурту «Разбітае сэрца пацана». Але з’яўленне дыска ў крамах прыпаў на час, калі пачалі мяняцца курсы валюты. Таму пакуль не ведаем, які попыт на дыск. Гаварыць жа пра большыя вынікі цяжка.

«НН»: Што наступнае выдаеце?

ВС: Новы альбом гурту Partyzone «Лятаць і падаць». Альбом гурту Аkute будзе выдадзены на «Вігме». Цяпер гэта шанец для каманд не толькі запісаць альбом, але і каб ён дзесьці з’явіўся.

«НН»: Ці можна гаварыць, што гурт, які ўсё робіць за свае грошы, пасля продажаў зможа хаця б вярнуць укладзеныя сродкі?

ВС: Не. І раней такое адбывалася хіба толькі ў вядомых каманд — «J:морс», «Крамбамбуля», NRM.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?