Жыхар брытанскага горада Лестэр Роберт Эйнслі падаў у гарадскую раду запыт, у якім на падставе заканадаўства аб свабодзе інфармацыі запатрабаваў раскрыць планы дзеянняў у выпадку нападу зомбі. На падрыхтоўку афіцыйнага адказу даецца 20 працоўных дзён,
адзначае The Daily Telegraph.

«Паглядзеўшы некалькі фільмаў пра ўварванне зомбі, я пераканаўся, што гатоўнасць да гэтага ва ўладаў нездавальняючая, і таму ўлады ўсіх населеных пунктаў каралеўства павінныя гэтым занепакоіцца», — напісаў у сваім запыце усхваляваны грамадзянін.

У эфіры мясцовай радыёстанцыі кіраўнік прэс-службы гарадской рады Лін Вает сказала: «Ну, у нас ёсць вельмі неадэкватныя, але гэты нас сапраўды насмяшыў! Гэта адно з пытанняў, адказ на якія змяшчаецца ў адзін радок: няма нічога ў нашых планах дзеянняў у надзвычайных сітуацыях па адбіцці нападаў зомбі. Але калі ўдумацца, то можна задацца пытаннем: а якія раздзелы надзвычайнага плана маглі б быць прысвечаныя адбіццю нападаў зомбі? Бо шкода магла б быць такая ж, як ад іншага бедства або ўварвання».

«Што да зомбі, наколькі я памятаю план… на жаль, нічога там такога няма на гэтую тэму», — больш стрымана растлумачыла Вает у эфіры BBC.

Яна паведаміла, што гарадская рада, згодна з законам, абавязаная адказваць на ўсе пытанні. «Вам гэта можа здацца блазенствам і бязглуздым марнаваннем часу, але для некаторых людзей гэта сапраўды нешта значыць», — адзначыла прадстаўніца ўладаў.

Магчыма, ангельцу не варта так турбавацца — іншыя падданыя брытанскай каралевы, хоць і жывуць у іншай частцы свету, ужо распрацавалі ва ўніверсітэце Атавы матэматычную мадэль нападу жывых мерцвякоў і абароны ад іх.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?